6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі 12 сакавіка прэзентуюць знатакам і аматарам мультыплікацыі цыкл анімацыйных фільмаў "Аповесць мінулых гадоў" пра гісторыю ўзнікнення гербаў беларускіх гарадоў, паведамілі БЕЛТА на кінастудыі.
Над цыклам гісторыка-пазнавальных мультфільмаў для катэгорыі гледачоў 6+ айчынныя мультыплікатары працавалі не адзін год. Вынікам сталі мікрасюжэты аб гербах 36 гарадоў Беларусі: Мінска, Гродна, Брэста, Магілёва, Гомеля, Віцебска, Полацка, Навагрудка, Шклова, Мазыра, Карэліч, Браслава, Заслаўя, Горак, Турава, Астраўца, Косава, Быхава, Слуцка, Ліды, Пінска, Гарадка, Бабруйска, Рагачова і іншых. Асобны мультфільм створаны пра герб і сцяг Беларусі. Аўтар ідэі і кіраўнік праекта - Ігар Волчак.
У сюжэтах у займальнай форме тлумачыцца значэнне знакаў на гербах, прыводзяцца кароткія звесткі пра гісторыю гарадоў. Цыкл знаёміць гледачоў з гісторыяй Беларусі ў цэлым і яе рэгіёнаў у прыватнасці.
У прэзентацыі прымуць удзел беларускія аніматары, стваральнікі цыкла "Аповесць мінулых гадоў", прадстаўнікі НББ і кінастудыі. Прэзентацыя пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.-0-