Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 кастрычніка 2018, 14:24

Беларусь рэалізуе сумесныя праекты з удзельнікамі Франкфурцкага кніжнага кірмашу

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе рэалізаваць новыя праекты ў кнігавыдавецкай дзейнасці з удзельнікамі Франкфурцкага кніжнага кірмашу, які праходзіць з 10 па 14 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.

Так, на сустрэчы з кітайскай дэлегацыяй была пацверджана зацікаўленасць кітайскага боку ва ўдзеле Мінска ў статусе спецыяльнага госця на Пекінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Федэральнае агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расіі нараўне з раней дасягнутай дамоўленасцю аб удзеле Беларусі ў якасці ганаровага госця ў Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў 2019 годзе прапанавала прапрацаваць сумесны праект па выданні кніг беларускіх аўтараў і арганізаваць сумесныя мерапрыемствы з прыцягненнем фінансавання агенцтва.

Цікавая прапанова паступіла і ад польскага выдавецтва Learnetic. Бакі дамовіліся аб рабоце над пілотным праектам па прадмеце "Замежная мова" для яго прэзентацыі на Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы і шырокамаштабнага выкарыстання еўрапейскага вопыту ў сістэме адукацыі Беларусі. У асобе генеральнага дырэктара кампаніі Ars Polonia Гжэгажа Гузоўскага Польшча прапанавала падтрымку папулярызацыі на еўрапейскім рынку кніг беларускіх аўтараў. У час перагавораў з украінскімі калегамі разглядалася магчымасць сумеснага стварэння каталога кніжнай прадукцыі Беларусі для папулярызацыі рускамоўных кніг на рынку Украіны. Аналагічную цікавасць выказала латвійская дэлегацыя: яны запрасілі Беларусь прыняць удзел у Рыжскай кніжнай выстаўцы, запэўніўшы аб папярэдняй падрыхтоўцы сустрэч з зацікаўленымі выдавецтвамі.

Падставай для дыялогу аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Арменіяй паслужыла кніга "Адваротны бок зямлі" прэм'ер-міністра Ніколы Пашыняна, напісаная ў 2008-2009 гадах. Прадстаўнікі Арменіі выказалі зацікаўленасць у яе прэзентацыі, гэтак жа як і навінак армянскага кнігавыдання, на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы.

Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, беларускі стэнд стаў кропкай прыцяжэння для прыватных выдавецтваў, індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама беларусаў, якія жывуць у Германіі. "Паводле аднадушнага меркавання наведвальнікаў стэнда, наша краіна можа ганарыцца як сваімі літаратурнымі дасягненнямі, так і работай ілюстратараў, дызайнераў кніг, карыкатурыстаў. Адна з ідэй аб стварэнні стэндаў ілюстратараў, фотамастакоў з самымі яркімі работамі 2018 года, карыкатурыстаў можа быць увасоблена на бліжэйшай міжнароднай кніжнай выстаўцы ў Беларусі", - расказаў ён.

Фота Міністэрства інфармацыі-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі