Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 лістапада 2019, 18:09

"Беларусь 3" пакажа лепшыя фільмы "Лістапада-2019"

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэлеканал "Беларусь 3" пакажа лепшыя фільмы нацыянальнага конкурсу XXVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад-2019", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Спецыяльныя выпускі праекта "Час кіно", прысвечаныя "Лістападу-2019" і 95-годдзю беларускага кінематографа, выйдуць 26-29 лістапада. "У праграме - анімацыйныя і ігравыя стужкі - удзельнікі і прызёры нацыянальнага конкурсу фестывалю, а таксама сустрэчы з іх аўтарамі", - расказалі ў прэс-службе.

Госцем першай тэматычнай праграмы стане Ірына Кадзюкова. Яна стаяла ля вытокаў айчыннай анімацыі, стварыла больш за 15 фільмаў, якія неаднаразова адзначалі на прэстыжных міжнародных кінафестывалях. У бягучым годзе на "Лістападзе" яна паказала новую работу Dante.Beatrice. У наступных выпусках гледачы пазнаёмяцца з мастаком-пастаноўшчыкам анімацыйнага фільма "Чартапалох" Ірынай Забела, рэжысёрам Аленай Пяткевіч, чыя стужка "Магістр свабодных мастацтваў" прызнана лепшым анімацыйным фільмам "Лістапада".

"Завершыць тэматычны цыкл праграмы "Час кіно" сустрэча з рэжысёрамі Кірылам Галіцкім і Святланай Казлоўскай і прагляд іх кароткаметражнага фільма "Пляж/лес/тамбур". Ён выйграў на нацыянальным конкурсе з фармулёўкай "За прастату гісторыі, мінімалістычныя спосабы і добрае выкананне, якое выклікае моцнае пачуццё ў гледача", - дадалі ў прэс-службе.

XXVI Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" праходзіў з 1 па 8 лістапада пад слоганам "Да радасці". У бягучым годзе ён паказаў больш за 150 фільмаў з 50 краін. Упершыню на фестывалі былі прадстаўлены карціны з Судана і Сенегала. Заснавальнікі форуму - Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам. Арганізатар - цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі