Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 кастрычніка 2018, 12:47

Батанічны сад 27 кастрычніка запрашае на фестываль кельцкай культуры

10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фестываль кельцкай культуры "Самайн" пройдзе 27 кастрычніка ў Батанічным садзе НАН Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

Мерапрыемства прысвечана старадаўняму святу, якое знаменавала пачатак зімовай палавіны гадавога цыкла і завяршэнне збору ўраджаю. У старадаўніх легендах гаворыцца, што ў ноч Самайна раскрываюцца ўзгоркі, і ў свет людзей пранікаюць бессмяротныя.

Святочныя пляцоўкі будуць працаваць з 12.00 да 17.00. На сцэне выступяць групы "Усе crazy", "Апошні шылінг", студыя этнічнага танца і музыкі "Кетры". Адзін з удзельнікаў музычнага калектыву "Стары Ольса" Алесь Чумакоў прадставіць праграму сусветна вядомых хітоў, выконваючы яе на гуслях.

Наведвальнікаў чакаюць сустрэчы з міфічнымі істотамі, анімацыйныя квесты, інтэрактыўныя фотазоны "Шаманскі куток", "Дрэва пажаданняў", "Жывыя птушкі". Госці змогуць пакаштаваць натуральныя травяныя настоі і гарбату, даведацца пра карысныя ўласцівасці раслін і травяных збораў. Старадаўнія шатландскія горцы падзеляцца з усімі жадаючымі асновамі баявога майстэрства, уменнем змагацца на дзідах, мячах, навучаць баявому клічу і танцам.

Будуць нацыянальныя забавы і гульні (кіданне бервяна, падняцце і перанос цяжару, барацьба на руках і інш.), таямнічыя абрады, варажба, майстар-класы па навучанні баявому фехтаванню, выразанню фігурак з гарбуза.

На вуліцы майстроў народныя ўмельцы прапануюць вырабы традыцыйных рамесных майстэрань - кельцкія ўпрыгажэнні, посуд, вырабы з лёну і металу, традыцыйнае адзенне, сувеніры і інш. Жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у бітве лучнікаў (аналагу гульні ў лазертаг або страйкбол, дзе замест шарыкаў выкарыстоўваюцца бяспечныя стрэлы), пастраляць з вялікай асаднай машыны.

Прадугледжана работа фуд-кортаў, манетнага двара, лучнага і арбалетнага ціраў.

"Маштабны фестываль у цэнтры Мінска разгонецца другі раз. Самайн – дзень пераходу прыроды ад восені да зімы, калі раслінны свет засыпае на час халадоў, каб набрацца сіл, а потым зноў абудзіцца. Гэта свята вельмі падобна да тыповых свят заканчэння сельскагаспадарчых работ. Кожны наведвальнік батанічнага саду, дарослы і маленькі, тут знойдзе занятак даспадобы", - расказалі арганізатары.

Таксама пасля гадавога перапынку зноў адкрыецца "Ліманарый". Толькі ў час мерапрыемства 27 кастрычніка з 12.00 да 14.00 тут пройдзе Дзень адкрытых дзвярэй, наведвальнікі ўбачаць эксклюзіўную аранжарэю цытрусавых і субтрапічных раслін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі