Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 лістапада 2017, 11:22

Бабруйскі тэатр на рэспубліканскім фестывалі пакажа прэм'еру "Кропкі на часавай восі"

17 лістапада, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча (размешчаны ў Бабруйску) у конкурснай праграме Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі, які сёння адкрываецца ў Бабруйску, прадставіць прэм'еру гэтага сезона "Кропкі на часавай восі" Дзмітрыя Багаслаўскага. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў адміністрацыі ўстановы культуры.

У аснове аўтарскага тэксту п'есы - дакументальныя фатаграфіі, знятыя ў розныя адрэзкі часу, пачынаючы з Першай сусветнай вайны, і ў розных частках - ад Кітая да Венесуэлы. Здымкі становяцца зыходнымі пунктамі для дзесяці людскіх гісторый аб пераломных момантах жыцця, што патрабуюць прыняцця важнага рашэння, якое мяняе чалавека і яго ўспрыманне. Спектакль, як часта адбываецца ў выпадках з сучаснай драматургіяй, ужо ахрысцілі эксперыментальным. Але яго асноўная ідэя і пасыл цалкам традыцыйныя: вера ў чалавека, асэнсаванасць і прыгажосць яго існавання.

У дзвюх конкурсных праграмах тэатральнага форуму - "Спектакль тэатра драмы" і "Эксперымент" - заяўлены 11 лепшых спектакляў мінулых і бягучага тэатральных сезонаў, пастаўленых па творах беларускіх драматургаў. У іх ліку Беларускі дзяржаўны тэатр лялек са спектаклем "Ладдзя роспачы" (У.Караткевіч, рэжысёр А.Ляляўскі), Слонімскі драматычны тэатр з пастаноўкай "Тарас на Парнасе" (С.Кавалёў, рэжысёр В.Сявец), Гродзенскі абласны тэатр лялек - "Камедыя Юдзіфі" (С.Кавалёў, рэжысёр А.Жугжда), спектакль "Скарына" (М.Руткоўскі, рэжысёр С.Варнас) прадставіць Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

У кожнай з катэгорый выберуць лепшы спектакль, рэжысуру, сцэнаграфію, п'есу сучаснага беларускага аўтара, вызначаць лепшую мужчынскую і жаночую ролі, у тым ліку другога плана. На працягу тыднёвай праграмы форуму гледачоў і гасцей чакаюць выстаўкі, экскурсіі, чытанні п'ес беларускіх драматургаў, тэматычныя круглыя сталы, майстар-класы, дзіцячая праграма.

Першы фестываль прайшоў у 1998 годзе. За час яго існавання па п'есах беларускіх аўтараў былі прадстаўлены 40 лепшых спектакляў тэатраў Беларусі і 8 спектакляў удзельнікаў з чатырох краін. Чытанні п'ес, арганізаваныя ў час мерапрыемства, далі магчымасць адкрыць новыя імёны, выдадзены зборнік п'ес маладых драматургаў, у рэпертуары Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча з'явіўся спектакль "Лондан" - удзельнік чатырох міжнародных фестываляў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі