Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 жніўня 2017, 19:58

Арыгінал Статута ВКЛ прыбыў у Мінск і будзе экспанавацца да 23 верасня

31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінск з Магілёва дастаўлены Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Арыгінальнае выданне будзе прадстаўлена на выстаўцы "Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукаваныя кнігі", прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і пяцігоддзю вяртання аднаго з экзэмпляраў знакамітага Статута ВКЛ, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі.

У гасцей выстаўкі, якая адкрыецца 1 верасня, з'явіцца магчымасць убачыць вышэйшы заканадаўчы акт Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, папярэдніка еўрапейскіх Канстытуцый. Статут будзе знаходзіцца ў музеі да 23 верасня, пасля чаго вернецца ў Магілёў, дзе захоўваецца на пастаяннай аснове. Цяпер у мэтах бяспекі ўнікальнае выданне знаходзіцца ў сейфе, абсталяваным сігналізацыяй.

Кніга была выдадзена на старабеларускай мове ў друкарні Мамонічаў у Вільні. Тысячы статутаў, якімі карысталіся продкі беларусаў, былі страчаны, але ў 2012 годзе дзякуючы фінансавай падтрымцы мецэнатаў адзін з экзэмпляраў быў выкуплены. Вяртанне на радзіму вядомага выдання стала працягам шматвяковай традыцыі мецэнацтва на Беларусі.

Акрамя статута, адкрыццём для гасцей выстаўкі стануць рэдкія выданні Магілёўскай кансісторскай друкарні XVIII стагоддзя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія будуць выстаўлены ўпершыню, а таксама зменшаная копія друкарскага станка, што існаваў у часы Скарыны, зробленая вучнем мінскай гімназіі.

Выстаўка арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з музеем гісторыі Магілёва і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі