Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лютага 2018, 12:51

Ансамбль "Равеснік" за 60 гадоў далучыў да мастацтва танца больш за 10 тыс. дзяцей

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ансамбль "Равеснік" за 60 гадоў існавання далучыў да мастацтва танца больш за 10 тыс. дзяцей, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў з нагоды маючага адбыцца юбілею гэтага калектыву, які будзе адзначацца 28 лютага.

Выхаванцы ансамбля за гэтыя гады аб'ездзілі з гастролямі ледзь не ўвесь зямны шар. Андора, Аўстралія, Балгарыя, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Кітай, Марока, Нарвегія, Польшча, Расія, Турцыя, Францыя, Эстонія, Рэспубліка Карэя - толькі малая частка тых краін, у якіх з цеплынёй прымалі таленавітых беларускіх дзяцей.

"Доўгія гады ансамбль танца застаецца адным з самых вядомых у сваім жанры дзіцячых калектываў краіны і прадаўжае актыўную творчую і канцэртную дзейнасць, мае шмат планаў для далейшага развіцця", - адзначыў гендырэктар Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў Арцём Ігнаценка. Напрыклад, гэтым летам "Равеснік" плануе выступіць на двух прэстыжных фолк-фестывалях у ЗША. Прадстаўляць краіну будуць 32 удзельнікі ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў. У сакавіку 2017 года ансамбль удзельнічаў у 52-м фестывалі міжнароднага ўзаемаразумення (Аўстралія) у якасці галоўнага госця. Упершыню ў гісторыі гэты фестываль быў прысвечаны Беларусі. У мінулым годзе вядучая салістка ансамбля Лада Бялькевіч прыняла ўдзел у Сусветным чэмпіянаце выканальніцкіх відаў мастацтва (ЗША) і заваявала званне чэмпіёнкі свету ў танцах сярод 1 тыс. удзельнікаў з больш як 50 краін.

"Равеснік" мае сваё непаўторнае аблічча. Цяпер у яго рэпертуары налічваецца больш за 60 харэаграфічных пастановак і кампазіцый - гульнявыя, сюжэтныя, аўтэнтычныя беларускія народныя танцы, тэматычныя пастаноўкі і харэаграфічныя замалёўкі.

Круглую дату з дня свайго заснавання Заслужаны аматарскі калектыў Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў адзначыць святочным канцэртам, які пройдзе 24 лютага. Удзел у мерапрыемстве прымуць кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і інш.

Ансамбль танца "Равеснік" - лаўрэат і дыпламант шматлікіх прэмій, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, у тым ліку лаўрэат прэміі Усесаюзнага Ленінскага камсамола (1980 год), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2005 год), прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2011, 2014 гады) і інш. Кіруе ансамблем танца "Равеснік" Таццяна Семчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі