Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 ліпеня 2018, 19:49

Амерыканская кінаакадэмія афіцыйна зацвердзіла беларускі оскараўскі камітэт

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук афіцыйна зацвердзіла беларускі оскараўскі камітэт, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Ігруша.

Ён удакладніў, што па рэгламенце Амерыканскай кінаакадэміі членамі нацыянальных оскараўскіх камітэтаў могуць быць прадстаўнікі любых кінематаграфічных прафесійных арганізацый, якія адлюстроўваюць інтарэсы нацыянальнага кінематографа. Рэгістрацыя оскараўскага камітэта ў дзяржаўных органах і ўстаноўчыя дакументы ў гэтым выпадку не патрэбны.

У склад беларускага оскараўскага камітэта ўваходзяць сем чалавек: мастацкі кіраўнік кінастудыі "Беларусьфільм" Ігар Поршнеў, генеральны дырэктар кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі, начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Ігруша, праграмны дырэктар ММКФ "Лістапад" Ігар Сукманаў, рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк, член Еўрапейскай кінаакадэміі, дырэктар кінатэатра "Піянер" Святлана Саўчык, прадзюсар Валерый Дзмітрачэнка.

Юрый Ігруша звярнуў увагу, што існуючая ў СМІ інфармацыя аб вылучэнні ігравога фільма "Хрусталь" рэжысёра Дар'і Жук на саісканне кінапрэміі "Оскар" з'яўляецца дачаснай. "Карціна-кандыдат вызначаецца па выніках тайнага галасавання оскараўскага камітэта. Беларускі аднагалосна прагаласаваў за фільм "Хрусталь". Але ўласна вылучэнне - працэдура, якая патрабуе выканання многіх фармальнасцей. Адна з такіх - нацыянальны пракат фільма, які ў гэтым выпадку пачынаецца 30 жніўня", - растлумачыў ён.

Згодна з рэгламентам Амерыканскай кінаакадэміі, кожная краіна мае права намініраваць адзін фільм, выпушчаны ў перыяд з 1 кастрычніка папярэдняга года па 30 верасня бягучага і паказаны ў камерцыйным кінатэатры не менш як сем дзён запар. Такім чынам, афіцыйная заяўка ад Беларусі будзе адпраўлена разам з пракатным пасведчаннем з 30 жніўня да 1 кастрычніка. "Беларусьфільм" будзе своечасова інфармаваць аб ходзе і выніках правядзення афіцыйнай працэдуры вылучэння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі