Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 снежня 2016, 17:48

Амаль 900 чалавек за дзень зможа прымаць музей архітэктурных мініяцюр "Краіна міні" ў Мінску

22 снежня, Мінск /Вікторыя Апанасёнак - БЕЛТА/. Амаль 900 чалавек за адзін рабочы дзень зможа камфортна прымаць музей архітэктурных мініяцюр "Краіна міні" ў Мінску, які адкрыецца для наведвальнікаў 24 снежня. Аб гэтым паведаміў сёння аўтар праекта Яўген Данілік у час прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю музея, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Меркаваць, колькі чалавек наведаюць наш музей у бліжэйшы месяц або год, даволі складана, - адзначыў Яўген Данілік. - Прагнозы ў нас, вядома, ёсць, рабілі і разлікі па сэрвісе Google AdWords. Магу сказаць, што тураператары мне называюць вельмі вялікія лічбы. За адзін рабочы дзень музей камфортна здольны прапусціць амаль 900 чалавек". Пры гэтым ён дадаў, што, мяркуючы па цікавасці СМІ, водзывах у сацыяльных сетках, праект выклікаў вялікую цікавасць.

У музеі будуць працаваць экскурсаводы. Яны, акрамя асвятлення гістарычных фактаў аб славутасцях, раскажуць гасцям "Краіны міні" захапляючыя легенды пра славутыя мясціны. Таксама, паводле слоў аўтара праекта, наведвальнікі змогуць бясплатна скарыстацца аўдыягідам або загадзя спампаваць дадатак-гід на смартфон. Акрамя інфармацыі аб экспанатах, аўдыягід дасць турыстам карысныя рэкамендацыі: як дабрацца да выдатных мясцін і дзе спыніцца. Там жа, у дадатку, наведвальнікі "Краіны міні" змогуць заказаць персанальную экскурсію, якую арганізуюць партнёры праекта.

"Краіна-міні" - гэта першы ў Беларусі музей архітэктурных мініяцюр беларускіх выдатных мясцін, з кожнай з якіх звязаны знакавыя для краіны падзеі. Вакол некаторых макетаў архітэктурных помнікаў адноўлены гістарычныя сцэны, якія дадуць магчымасць наведвальнікам музея адчуць атмасферу мінулага.

Музей адначасова з'яўляецца і асветным, і турыстычным праектам. Гістарычныя эпохі, адноўленыя ў макетах, павышаюць пазнавальнасць славутасцей для беларусаў: напрыклад, настаўнікі гісторыі змогуць праводзіць адкрытыя ўрокі, дэманструючы школьнікам пройдзены матэрыял на макетах. Таксама праект будзе садзейнічаць развіццю турыстычнай галіны - гэта наглядны даведнік, які дасць магчымасць за дзве гадзіны азнаёміцца са знакавымі аб'ектамі Беларусі.

"Краіна міні" адрозніваецца ад музеяў традыцыйнага фармату: госці не будуць адчуваць сябе пабочнымі наглядальнікамі, яны змогуць удзельнічаць у працэсе і ўзаемадзейнічаць з экспанатамі.

У музеі ёсць фотазона, аформленая ў нацыянальных матывах, міні-кафэ і зона адпачынку, сувенірная крама, дзіцячая студыя і лекцыйная зона. Плануецца праводзіць тэматычныя семінары, канферэнцыі і майстар-класы, у тым ліку па вырабе мініяцюрных макетаў. Музей архітэктурных мініяцюр беларускіх славутасцей "Краіна міні" размясціўся ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў. Ён будзе працаваць без выхадных з 11.00 да 20.00.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі