Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 верасня 2017, 12:44

Адрэстаўрыраванае Евангелле 1600 года можна ўбачыць на выстаўцы ў НММ

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адрэстаўрыраванае Евангелле 1600 года можна ўбачыць на выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На адкрыцці экспазіцыі "З кніжнай скарбніцы. Выданні друкарняў Беларусі XVI - першай палавіны XIX стагоддзя ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь", прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, генеральны дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў адзначыў, што гэта мерапрыемства - сціплы ўклад музея ў святкаванне значнай даты. Разам з тым намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша дадаў, што Нацыянальны мастацкі музей дэманструе прыклад па захаванні кніжнай спадчыны, якая займае ў музейнай экспазіцыі дастойнае месца.

Увазе наведвальнікаў выстаўкі прадстаўлены адноўлены фаліянт - Евангелле 1600 года. Гэта Евангелле з буйнейшага цэнтра беларускага кнігадрукавання апошняй чвэрці XVI - першых дзесяцігоддзяў XVII стагоддзя - друкарні братоў Мамонічаў у Вільні, якія прыцягнулі на пачатковым этапе майстра друкарскай справы, бліжэйшага саратніка Івана Фёдарава Пятра Мсціслаўца. Чатыры гравюры евангелістаў гэтага выдання ўзыходзяць да выяў у першым выданні друкарні - Евангеллі 1575 года.

Да юбілею беларускага кнігадрукавання музейны экзэмпляр вярнуў да жыцця майстар-рэстаўратар Андрэй Крапіўка. Працэс рэстаўрацыі адлюстраваны ў прадстаўленых на выстаўцы фотаматэрыялах. Убачаць наведвальнікі і вокладку Евангелля больш позняга перыяду - XIX стагоддзя. Менавіта ў ёй, значна большай па фармаце і з металічнымі накладкамі, якімі ніколі не афармлялі кнігі да XIX стагоддзя, трапіла Евангелле 1600 года ў мастацкі музей. Евангелле было пераплецена ў 1942 годзе, і пераплётчык прыстасаваў іншую вокладку.

На выстаўцы прадстаўлены дзясятак выданняў беларускіх друкарняў з калекцыі музея, якая налічвае 192 адзінкі захоўвання. Большасць кніг калекцыі богаслужэбнага і рэлігійна-духоўнага зместу. Гэта праваслаўныя і ўніяцкія выданні, кнігі, прызначаныя для старавераў. Фарміраванне калекцыі шмат у чым было звязана з экспедыцыйнай дзейнасцю. Амаль два дзясяткі кніг музейнага збору набыты ў прыватных асоб, перададзены дзяржаўнымі ўстановамі або атрыманы ў дар.

Даволі рэдкім з'яўляецца экспануемае на выстаўцы выданне "Акафісты ўсесядмічныя". Яно надрукавана ў 1698 годзе Максімам Вошчанкам у магілёўскай Брацкай друкарні, са станкоў якой у канцы XVII - сярэдзіне XVIII стагоддзя выйшла больш за 40 выданняў.

Прадукцыю вядомай друкарні Вялікага Княства Літоўскага - Віленскага Троіцкага манастыра - на другім этапе яе дзейнасці (з 1760 па 1839 год) прадстаўляе прызначаны для старавераў Канонік 1794 года.

Выдавецкую дзейнасць друкарні, якая на працягу 1692/93-1803 гадоў дзейнічала ў Супрасльскім манастыры, прадстаўляе Evangelia in Festis (Евангелле на святы), надрукаванае на лацінскай мове ў 1765 годзе.

На выстаўцы экспануецца таксама адно з выданняў друкарні полацкіх піяраў - Missale Romanum (каталіцкая богаслужэбная кніга) 1826 года.

Некаторыя кнігі маюць мастацкія аправы. Сярод іх вылучаецца аправа XVII-XVIII стагоддзя Евангелля, якая паходзіць з Ніканаўскай царквы г.п. Урэчча Мінскай вобласці. Пры яе стварэнні былі выкарыстаны розныя тэхнікі: ліццё, чаканка, гравіроўка, чэрнь, частковае залачэнне.

Выстаўка будзе працаваць з 20 верасня да 19 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі