Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 сакавіка 2018, 16:12

Адкрытая рэпетыцыя, экскурсія за кулісы - у Брэсце прайшла "Ноч у тэатры"

28 сакавіка, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прэзентаваў новы інтэрактыўны праект "Ноч у тэатры", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У маштабнай культурнай акцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню тэатра, быў задзейнічаны ўвесь калектыў БАТД. Яго генеральны дырэктар Вячаслаў Гарбузаў, вітаючы знатакоў тэатральнага мастацтва, выказаў упэўненасць, што "Ноч у тэатры" падорыць кожнаму з іх шмат станоўчых эмоцый і незабыўных уражанняў.

У гэты тэатральны вечар упершыню гледачам была прадастаўлена ўнікальная магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі акцёра, зазірнуць за кулісы і даведацца, як ствараюцца спектаклі, азнаёміцца са сцэнічнымі сакрэтамі. Гэта сапраўды быў вечар адкрытых дзвярэй у тэатры.

Адначасова на розных пляцоўках у рэжыме нон-стоп праходзілі цікавыя мерапрыемствы, і кожны ўдзельнік акцыі выбіраў тое, што даспадобы. Пакуль у малой зале ішоў спектакль-чытка паводле п'есы "Ледзь улоўныя мсціўцы", у рэпетыцыйнай - трэнінг "Адкрый у сабе акцёра". Бар тэатра быў сцэнай для дакументальнага монаспектакля артыста Анатоля Баранніка "Білінгвы" і музычнага кактэйлю ад актрыс БАТД Таісы Осіпавай і Дар'і Старасотнікавай і спецыяльных гасцей тэатра Ігара Пашэчкі і Ірыны Пашэчка пад назвай "Музычны ф'южн".

На вялікай сцэне тэатра адбылася адкрытая рэпетыцыя спектакля з рэпертуару БАДТ, у час якой гледачам была прадастаўлена магчымасць разыграць урывак з пастаноўкі. У малой зале можна было прысутнічаць на прэм'еры спектакля паводле твораў Сяргея Ясеніна "За крапівой, бераг" - самастойнай рабоце акцёра Аляксея Шчарбакова. Фае другога паверха аддалі дзецям. Там разыгрывалі інтэрактыўны спектакль і тэатр ценяў, працавалі мімы, фотазоны і аквагрым. А заслужаны артыст Беларусі М.Мятліцкі расказваў "Казкі на ноч".

Адным з самых запатрабаваных маршрутаў свята стала экскурсія ў музей тэатра. Кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Вера Шэлест азнаёміла гасцей з гісторыяй тэатральнага жыцця ў абласным цэнтры. Адкрыццём для многіх стаў той факт, што ў Брэсце ў свой час іграла антрэпрызы сама Вера Камісаржэўская. Гэта было ў так званым Зімнім тэатры, які размяшчаўся ў гасцініцы "Пецярбургская". Цяпер у гэтым будынку знаходзіцца абласны краязнаўчы музей.

Плануецца, што "Ноч у тэатры", задуманая ў мэтах папулярызацыі тэатральнага мастацтва, стане ў БАТД традыцыйнай.-0-

Фота Вадзіма Якубёнка.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі