Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 мая 2018, 15:38

Аб'яўлены конкурс на распрацоўку эскіза памятнага знака да юбілейнага Дня пісьменства ў Іванаве

2 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Аб'яўлены адкрыты конкурс на распрацоўку эскізнага варыянта памятнага знака, які ўстановяць у Іванаве ў гонар XXV Дня беларускага пісьменства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.

Паводле задумы арганізатараў, скульптурная кампазіцыя павінна адлюстроўваць гістарычны шлях пісьменства і друку ў Беларусі, а таксама выклікаць цікавасць да друкаванага слова. "У гэтым годзе юбілейны Дзень беларускага пісьменства. Таму нам хацелася б, каб канцэпцыя комплекснага памятнага знака падкрэслівала 25-годдзе гэтай рэспубліканскай акцыі, яе значнасць", - адзначылі ў райвыканкаме.

Прыём заявак на ўдзел будзе праходзіць да 18 мая. Работы павінны быць выкананы на лістах фармату А3 і А4 (выява) і дапоўнены кампазіцыйным рашэннем (аб'ёмна-прасторавай мадэллю), выкананым з любога матэрыялу. Эскізы майстры могуць прысылаць у адрас аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама (Іванава, пл. Кастрычніка, 2). Лепшы праект будзе выбраны на пасяджэнні рабочай групы. Пераможца творчага конкурсу атрымае грашовую прэмію ў памеры 20 базавых велічынь (цяпер 1 БВ складае Br24,5).

Памятны знак у гонар юбілейнага Дня беларускага пісьменства плануецца ўстанавіць у цэнтральнай частцы Іванава, на вуліцы 17 верасня. Праект будзе рэалізаваны за кошт раённага бюджэту, сродкаў абласнога суботніка, Міністэрства культуры, а таксама спонсарскіх ахвяраванняў.

XХV Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Іванаве 2 верасня і будзе прысвечаны тэме "Мая малая радзіма". Святочныя мерапрыемствы будуць фінансавацца за кошт прадугледжаных на гэтыя мэты сродкаў мясцовых бюджэтаў, а таксама рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых крыніц.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі