Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
06 ліпеня 2018, 18:31

Высокі сезон: як не памыліцца з выбарам турфірмы

Пачатак ліпеня на турыстычным рынку Беларусі і краін-суседзяў выдаўся гарачым, але зусім не з-за надвор'я. Навіны са сферы турызму ў першыя дні месяца нагадвалі зводкі баявых дзеянняў: у Кіеве беларускія турысты не маглі вылецець на адпачынак з-за праблем бюджэтных авіякампаній BravoAirways і AndaAir, буйнейшы тураператар Расіі "Наталі Турс" (дарэчы, вельмі папулярны ў Беларусі) пачаў ануляваць пуцёўкі, адна з беларускіх туркампаній аб'явіла аб адмене тураў у Егіпет. Карэспандэнты БЕЛТА паспрабавалі разабрацца, што ж неабходна рабіць беларусам, каб запланаваны водпуск не ператварыўся ў незапланаваны кашмар.

Як праверыць надзейнасць турфірмы

У Беларусі сферу турызму курыруе Мінспорту. Менавіта туды мы і звярнуліся за рэкамендацыямі.

Першае, што раіць Дэпартамент па турызме Мінспорту, - азнаёміцца перад зваротам у турфірму з інфармацыяй пра яе ў адкрытых крыніцах, праверыць, ці існуе наогул такая кампанія. Гэтыя звесткі можна атрымаць на афіцыйным сайце Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Таксама варта праверыць, ці ёсць звесткі аб турфірме ў рэестры суб'ектаў турыстычнай дзейнасці, які вядзе Дэпартамент па турызме. Інфармацыя размешчана ў адкрытым доступе на сайце Мінспорту. Гэту інфармацыю таксама можна атрымаць па тэлефоне: 8 (017) 327 23 25.

Але нават пры выкананні гэтых рэкамендацый можна апынуцца ў складанай сітуацыі. "Напрыклад, расійскі тураператар "Наталі Турс" быў саліднай кампаніяй з добрай рэпутацыяй, больш за 20 гадоў на рынку. Прадбачыць, што здарылася, не мог ніхто: ні іх партнёры, ні расійскія ўлады, - адзначае намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме - начальнік аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Міністэрства спорту і турызму Беларусі Віталь Грыцэвіч. - Таму пажадана, каб тураператар быў беларускі або хаця б меў прадстаўніцтва ў Беларусі. Тады мы маем нейкія рычагі ўздзеяння на яго. Той жа ўкраінскі OASIS тут не мае свайго прадстаўніцтва, і мы ніякім чынам на яго паўплываць не можам".

З тым, што пытанне надзейнасці турфірмы з'яўляецца адным з першачарговых, згодны і Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый. Дырэктар саюза Валянцін Цэхмейстэр адзначае, што ёсць традыцыйныя рэкамендацыі, якія заўсёды даводзяцца да турыстаў - асцярожна выбіраць тураператара, правяраць надзейнасць кампаніі, наводзіць даведкі і чытаць водгукі іншых адпачывальнікаў. "Але калі б яшчэ пару тыдняў таму ў мяне спыталі аб надзейнасці "Наталі Турс", я адказаў бы, што кампанія надзейная. Так, у іх былі праблемы, але яны заўсёды іх вырашалі, выходзілі з цяжкага становішча. Кіраўнік Растурызму Алег Сафонаў правільна сказаў, што кампанія проста недзе не ўлічыла кан'юнктуру сезона, пралічылася, адсюль і ўзніклі фінансавыя праблемы. Горш за ўсё, што пацярпеў спажывец", - гаворыць ён.

Адказваючы на пытанне, што ўсё ж такі турысту рабіць у такой сітуацыі, Валянцін Цэхмейстэр падкрэслівае, што дзейнічаць трэба ў адпаведнасці з заканадаўствам. "Тое, што адбылося на айчынным рынку, знаходзіцца пад абаронай нашага заканадаўства. Створаны штаб у Мінспорту, які прымае ўсе меры, каб кантраляваць сітуацыю", - тлумачыць ён.

Пры гэтым, удакладняе кіраўнік саюза, турыст павінен звяртацца непасрэдна да таго суб'екта гаспадарання, дзе ён набываў тур. Паколькі па беларускім заканадаўстве турагент нясе адказнасць, як і тураператар.

Таксама пры падрыхтоўцы да паездкі варта звяртаць увагу на рэпутацыю авіяперавозчыка. "Бюджэтныя авіякампаніі накшталт украінскага BravoAirways - гэта, вядома, танна. Але часам лепш заплаціць даражэй, затое забяспечыць сабе спакойны адпачынак, выбраўшы перавозчыка, у якога самалёты ў добрым стане і няма праблем з вылетам, а калі час і пераносіцца, то па тэхнічных прычынах", - канстатуе Віталь Грыцэвіч.

Дагавор аб аказанні турпаслуг

Ёсць у Дэпартамента па турызме рэкамендацыі і адносна заключэння дагавораў з турфірмамі. Так, яшчэ да куплі пуцёўкі варта азнаёміцца з умовамі дагавора. Дагавор аб аказанні турыстычных паслуг складаецца ў адпаведнасці з тыпавой формай і не павінен змяшчаць умовы, якія супярэчаць заканадаўству.

У дэпартаменце таксама раяць патрабаваць заключэння дагавора аб аказанні паслуг у пісьмовай форме незалежна ад таго, набываецца тур або заказваюцца асобныя паслугі (браніраванне, кансультаванне, візавая падтрымка). Выключэнне - выпадкі, звязаныя з перавозкай або размяшчэннем, дзе пацвярджэннем гэтага дагавора лічыцца білет або дакумент на засяленне (ваўчар і іншае). Аднак калі паслугі перавозкі або размяшчэння набываюцца ў комплексе з іншымі паслугамі, абавязкова трэба заключаць дагавор.

Перад падпісаннем дагавора неабходна праверыць наяўнасць у ім такіх раздзелаў, як кошт паслуг, тэрмін і парадак іх аплаты, правы і абавязкі бакоў, звесткі аб выканаўцу, заказчыку і трэціх асобах, для якіх набываюцца паслугі, праграма турыстычнага падарожжа.

Пасля заключэння дагавора аплата павінна ажыццяўляцца ў парадку, прадугледжаным дагаворам. Пры гэтым абавязкова патрабуйце чэк або іншы плацежны дакумент. Таму што патрабаванне турыста аб выдачы плацежнага дакумента з'яўляецца абгрунтаваным і вынікае непасрэдна з закона "Аб абароне правоў спажыўцоў".

Многія турыстычныя кампаніі аказваюць турыстам візавую падтрымку. Выканаўца пры атрыманні ад турыста дакументаў у выпадку неабходнасці кансультуе яго па пытаннях іх афармлення, а таксама папярэджвае аб прычынах, якія могуць стаць прычынай адмовы ў адкрыцці візы. Выканаўца мае права адмовіць у прыняцці дакументаў ад турыста ў выпадку абгрунтаванага сумнення ў правільнасці іх афармлення, за выключэннем выпадкаў, калі турыст у пісьмовай форме гарантуе правільнасць афармлення дакументаў.

Арыгіналы дакументаў, неабходных для аказання турыстычных паслуг, а таксама валюту для аплаты збору пры аказанні візавай падтрымкі турыст перадае выканаўцу па акце аб прыёме-перадачы дакументаў, які складаецца ў двух экзэмплярах. Адзін экзэмпляр застаецца ў выканаўцы, другі перадаецца турысту.

Страхаванне рызык

Асобная тэма ва ўсёй гэтай турыстычнай эпапеі - страхаванне. Тая ж кампанія "Наталі Турс" прадала да 10 тыс. тураў на агульную суму каля $15 млн. Адказнасць трох юрыдычных асоб тураператара застрахавана на 150,5 млн расійскіх рублёў у СК "Ingosstrakh". У фондзе персанальнай адказнасці кампаніі - яшчэ 6 млн расійскіх рублёў, якія можна выкарыстоўваць для выплат турыстам. Калі падзяліць гэтыя сродкі на ўсіх турыстаў, атрымаецца па 15,6 тыс. расійскіх рублёў на чалавека. Гэта значыць фінансавых гарантый не хопіць на выплаты ўсім пацярпелым.

Прычым нават гэтыя грошы турысты змогуць атрымаць толькі, калі кампанія аб'явіць аб спыненні дзейнасці. А "Наталі Турс" мае намер прадаўжаць работу і будзе спрабаваць кампенсаваць турыстам затраты не ў выглядзе грошай, а ў выглядзе гарантыйных абавязацельстваў, па якіх яны змогуць адпачыць у наступным годзе. "Фактычна гэта робіць турыстаў і агентаў заложнікамі сітуацыі. Згодзяцца на "гарантыйныя абавязацельствы" - узнікае вельмі сумніўная перспектыва фактычна праз год скарыстацца паслугамі тураператара, які адзін раз іх падмануў ужо. Не згодзяцца - атрымаюць значна менш, чым заплацілі", - адзначае прэс-сакратар Расійскага саюза туріндустрыі Ірына Цюрына, каменціруючы сітуацыю расійскім журналістам.

"Норма абавязковага страхавання адказнасці тураператара ў Беларусі адсутнічае. У Расіі такая норма ёсць. Мы ўжо не раз разглядалі гэта пытанне, але нашы страхоўшчыкі пакуль не гатовы страхаваць адказнасць тураператара", - падкрэслівае генеральны дырэктар Беларускай асацыяцыі страхоўшчыкаў Ірына Мерзлякова.

Ліцэнзаванне турпаслуг

Валянцін Цэхмейстэр узнімае яшчэ адно праблемнае пытанне - ліцэнзаванне турпаслуг. У 2011 годзе турызм у Беларусі быў выключаны з ліку відаў ліцэнзуемай дзейнасці. "Мы тады былі катэгарычна супраць гэтага рашэння. Ліцэнзіі ўсё ж такі дазвалялі дзяржаве рэгуляваць работу на гэтым рынку, своечасова прыцягваць да адказнасці ўдзельнікаў рынку пры паступленні скаргаў. Сёння ж рынак прадастаўлены сам сабе. Элементы абароны спажыўца павінны быць прадуманы, а наш рынак цяпер разрэгуляваны", - звяртае ўвагу эксперт.

Шэраг краін цяпер ідзе па шляху больш строгага рэгулявання турыстычнай сферы, адзначае кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый. Напрыклад, Латвія плануе ўвесці меры павышанай бяспекі на рынку турпаслуг. "Яны падышлі да таго, каб увесці ліцэнзаванне гэтай дзейнасці і страхаванне адказнасці тураператараў", - гаворыць ён.

Удакладняем, ці дапаможа пры форс-мажорных сітуацыях, як у выпадку з "Наталі Турс", стварэнне гарантыйнага фонду саюза турарганізацый. "Рынак Беларусі - турагенцкі, іх прыбытак - гэта маржа. Што з гэтай маржы можна адлічыць і ці хопіць гэтай сумы на выплату кампенсацый у выпадку форс-мажору - гэта вялікае пытанне", - адказвае Валянцін Цэхмейстэр.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА,

Святлана МІХОВІЧ,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі