Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
02 чэрвеня 2014, 15:49

Таццяна Іванюк: Паступленні ад збору на развіццё Нацыянальнага аэрапорта Мінск складуць каля $5,4 млн у год

Пасажыраў Нацыянальнага аэрапорта Мінск з 1 чэрвеня бягучага года абавязалі выплачваць збор, які будзе накіроўвацца на развіццё яго інфраструктуры, - адпаведнае рашэнне замацавана ў пастанове Савета Міністраў Беларусі нумар 459. Згодна з дакументам, з пасажыраў ва ўзросце 12 гадоў і старэйшых, якія вылятаюць са сталічнага аэрапорта, спаганяецца плата ў памеры $5, а з дзяцей ад 2 да 12 гадоў - у памеры $2,5. Не трэба плаціць за дзяцей, якія падарожнічаюць па гуманітарных праграмах, а таксама транзітным і трансферным пасажырам.


Паводле інфармацыі дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі, такія меры прымаюцца ў многіх аэрапортах свету, прычым размова ідзе аб істотна больш высокіх сумах збору. Напрыклад, ва ўсіх кітайскіх аэрапортах пасажыры плацяць каля $14 адпаведнага збору. У аэрапорце Мантэвідэа (Уругвай) гэта сума перасягае $35, у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) - $28, і гэты пералік можна прадаўжаць. Што датычыцца Мінска, то згодна з аналізам сярэдняй цаны авіябілета для пасажыраў памер дадатковай платы да яе знаходзіцца ў межах 2 працэнтаў.


Плата на развіццё аэрапортаў у выглядзе збору з пасажыраў шырока выкарыстоўваецца ў міжнароднай практыцы пры выкананні буйных інвестпраектаў па будаўніцтве і рэканструкцыі. Гэта выклікана тым, што даходы такіх аб'ектаў не могуць пакрыць расходы па дарагіх праектах, прызначаных стварыць усе ўмовы для аказання паслуг, адпаведных міжнародным стандартам. Дакладна гэтак жа і ў Беларусі: прыняцце пастановы нумар 459 абумоўлена патрэбнасцю забяспечыць дадатковыя фінансавыя крыніцы і знізіць нагрузкі на рэспубліканскі бюджэт.


Пры тым што новы збор адносна невысокі, памер паступленняў ад такіх узносаў на развіццё інфраструктуры Нацыянальнага аэрапорта Мінск прагназуецца на ўзроўні $5,4 млн штогод і будзе залежаць ад пасажырапатоку.


Намеснік дырэктара дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Ірына Марозава адзначыла, што цяпер урад Беларусі на Нацыянальны аэрапорт Мінск усклаў вырашэнне сур'ёзных задач. Так, тут выконваюцца такія маштабныя інвестыцыйныя праекты, як будаўніцтва другой штучнай узлётна-пасадачнай паласы, рэканструкцыя дзеючага аэравакзальнага комплексу і стварэнне новых месц стаянак для паветраных суднаў. "Прымаючы пад увагу першарадную значнасць нацыянальнага аэрапорта ў сістэме аб'ектаў транспартнай інфраструктуры рэспублікі, з мэтай стварэння станоўчага іміджу дзяржавы і ва ўмовах абмежаваных уласных фінансавых магчымасцей прадпрыемства вельмі актуальным з'яўляецца пытанне вызначэння крыніц фінансавання", - сказала Ірына Марозава.


Што датычыцца парадку выплаты збору, то для максімальнага спрашчэння працэдуры вырашана, што ўстаноўленую суму авіяперавозчыкі прад'яўляюць для аплаты пасажырам дадаткова да кошту білета. Гэта могуць быць беларускія рублі (пры куплі білета за беларускія рублі) або долары ЗША (пералічваюцца ў гэтай жа валюце на разліковы рахунак РУП "Нацыянальны аэрапорт Мінск"). Гэта значыць пасажыр, набываючы авіябілет, аплаціць авіякампаніі кошт білета плюс суму платы, якую авіякампанія ў далейшым за яго пералічыць аэрапорту. Гэта значыць, што неабходнасці дадатковых разлікаў паміж пасажырам і аэрапортам не ўзнікае. "Зразумела, пры адмове пасажыра ад палёту па якой-небудзь прычыне ўнесеная сума платы будзе авіякампаніяй вернута", - запэўніла Ірына Марозава.


Адказваючы на пытанне, ці можа быць у перспектыве адменены ўведзены 1 чэрвеня 2014 года збор, намеснік дырэктара дэпартамента сказала, што мерапрыемствы па развіцці інфраструктуры Нацыянальнага аэрапорта Мінск, перш за ўсё будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы, з-за значнага аб'ёму работ, тэхнічнай складанасці іх выканання і істотных расходаў маюць працяглыя тэрміны рэалізацыі. У сувязі з гэтым пастановай не абмежаваны часавы перыяд прымянення аэрапортавага збору. На беларускі Мінтранс ускладзены кантроль за выкананнем прадпісанняў дакумента. У прыватнасці, размова ідзе аб аналізе пытанняў спагнання платы і яе мэтавага выкарыстання. Разам з тым гэта ведамства пры неабходнасці можа ўносіць прапановы аб змяненні парадку і ўмоў унясення збору, у тым ліку адносна яго велічыні і тэрмінаў дзеяння.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі