Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Сацыялогія ў дапамогу: як вынікі апытанняў уплываюць на рэгіянальную палітыку ў Беларусі

Каментарыі 26.06.2018 | 16:24

Беларускія ідэолагі і сацыёлагі падкрэсліваюць безумоўную важнасць правядзення сацдаследаванняў на месцах. Іх вынікі ўплываюць непасрэдна на рэгіянальную палітыку і імідж улады ў цэлым. Размова аб гэтым ішла на рэспубліканскім семінары "Сацыялагічнае даследаванне як інструмент павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання", які адбыўся 26 чэрвеня на базе Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта (ІАЦ) у Мінску.

Адкрываючы семінар, дырэктар ІАЦ Аляксей Дзербін адзначыў, што "інтэрпрэтацыя сацыялагічных даных, іх ацэнка і выкарыстанне ў дзяржаўным кіраванні, ідэалагічнай рабоце - гэта сёння ўжо сталы трэнд". Эфектыўнае выкарыстанне гэтага інструмента зваротнай сувязі дае магчымасць пры неабходнасці своечасова ўносіць карэктывы ў рэгіянальную палітыку, падкрэсліў ён. "У цэнтры ідэалагічнай работы стаіць чалавек, - нагадаў дырэктар ІАЦ. - Ад таго, наколькі мясцовыя ўлады разумеюць запыты насельніцтва, залежыць ацэнка, якую даюць людзі ўсёй дзейнасці дзяржаўнага апарату".

Аляксей Дзербін выказаў гатоўнасць дзяліцца перадавымі методыкамі даследаванняў, замежным вопытам правядзення замераў грамадскай думкі. У сваю чаргу ўдзельнікі семінара расказалі, што мясцовыя ўлады актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце вынікі сацапытанняў. Пры гэтым у шэрагу абласцей прымаюць пад увагу не толькі даныя ІАЦ, але таксама самастойна праводзяць даследаванні, звяртаюцца да паслуг мясцовых сацыялагічных службаў.

Вопытам Гомельскай вобласці ў гэтым плане падзялілася намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Таццяна Кручко. "Для нас ужо стала сістэмай супрацоўніцтва з сацыялагічнай лабараторыяй пры Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя Сухога. Спецыялісты правялі пяць рэгіянальных замераў грамадскай думкі. Атрыманыя вынікі мы абавязкова распаўсюджваем на раёны для аналізу і магчымай карэкціроўкі тых або іншых падыходаў у кіраванні", - расказала яна. Часам апытанні паказваюць, што людзям не хапае інфармацыі, тады мясцовыя ўлады ліквідуюць гэты прабел.

У сваю чаргу начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі расказаў аб практыцы вывучэння грамадскай думкі па пытаннях, што выклікаюць жывы інтарэс на месцах. У прыватнасці, у рэгіёне праводзілася анкетаванне адносна асартыменту харчовых тавараў у сельскіх населеных пунктах, сітуацыі ў асобных працоўных калектывах, устаноўкі ў Слоніме помніка дзеячу Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. Як адзначыў Аляксандр Вярсоцкі, меркаванне людзей улічвалася, калі вырашалася пытанне аб продажы інвестару Дома культуры Радуні і размяшчэнні там іешывы - іўдзейскага інстытута для вывучэння Талмуда, які там некалі існаваў. Для гэтага трэба было перамясціць Дом культуры, і мясцовыя ўлады вырашылі вывучыць грамадскую думку. Вынікі сацдаследаванняў паказалі, што мясцовыя жыхары пазітыўна ставяцца да гэтай ідэі. "Мы прынялі канчатковае рашэнне. Цяпер ідзе рэалізацыя праекта", - дадаў прадстаўнік Гродзенскага аблвыканкама.

У час семінара абмяркоўваліся асаблівасці аналізу сацыялагічнай інфармацыі, прыводзіліся прыклады яе некарэктнага выкарыстання, маніпуляцыі грамадскай думкай з дапамогай сацыялагічных даследаванняў, факты скажэння вынікаў апытанняў. Начальнік упраўлення сацыялагічных даследаванняў ІАЦ Ігар Пінчук звярнуў увагу, што сёння на інфармацыйным полі Беларусі даволі часта сустракаюцца разнастайныя даныя аб грамадскім меркаванні, і далёка не заўсёды яны заслугоўваюць даверу. У сваёй прэзентацыі сацыёлаг прывёў прыклады ангажыраванай падачы вынікаў апытанняў у асобных недзяржаўных масмедыя. "Перш чым выкарыстоўваць апублікаваныя ў інтэрнэце альбо друкаваных выданнях даныя, неабходна мець дакладнае ўяўленне: кім і калі было праведзена апытанне, які метад выкарыстоўваўся, які аб'ём выбаркі (колькасць рэспандэнтаў), ці карэктныя фармулёўкі пытанняў і варыянтаў адказаў", - парэкамендаваў спецыяліст.

Намеснік начальніка ўпраўлення сацыялагічных даследаванняў цэнтра Мікалай Сухоцкі прадставіў вынікі праведзенага ў першым квартале апытання ІАЦ па тэматыцы дэбюракратызацыі. Так, па выніках мінулага года ў сярэднім 53 працэнты апытаных сцвярджаюць, што на ранейшым узроўні засталося ўменне служачых працаваць з людзьмі, прадастаўленне кваліфікаванай кансультацыі, прафесіяналізм і кампетэнтнасць, аператыўнасць вырашэння запытаў грамадзян. У сярэднім 16,5 працэнта насельніцтва адзначае паляпшэнне такіх аспектаў, а менш як 10 працэнтаў гаворыць аб пагаршэнні. У сувязі з гэтым удзельнікі семінара выказаліся за неабходнасць аналізу эфектыўнасці падыходаў мясцовых улад пры рабоце з грамадзянамі, а таксама пошуку шляхоў іх далейшага ўдасканалення. Адначасова беларусы высока ацэньваюць арганізацыйную частку вядзення прыёму насельніцтва - рэжым работы дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама ўмовы абслугоўвання. Гэтым задаволены па 77,5 працэнта рэспандэнтаў.

Удзельнікі семінара выказалі зацікаўленасць у далейшым абмеркаванні актуальных аспектаў вывучэння думкі грамадзян у цэнтры і на месцах. Такія мерапрыемствы сталі традыцыяй. Прадстаўнікі ідэалагічнай вертыкалі і экспертнай супольнасці рэгулярна абмяркоўваюць сацыялагічную тэматыку на пляцоўцы ІАЦ. У гэтым плане цэнтр наладзіў цеснае ўзаемадзеянне з органамі дзяржаўнага кіравання, дэпутацкім корпусам, грамадскімі аб'яднаннямі, навуковымі коламі. Штогод ІАЦ праводзіць 60-80 апытанняў грамадскай думкі (у сярэднім больш за 30 рэспубліканскіх і каля 40 рэгіянальных), у якіх прымаюць удзел да 60 тыс. рэспандэнтаў.

Святлана САЎКО

Версія для друку
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі Беларусі ў студзені-ліпені 2018 года Студзень-ліпень 2018 года (да студзеня-ліпеня 2017-га): ВУП - 104,4%, выпуск прадукцыі прамысловасці* - 107,5%, выпуск прадукцыі сельскай гаспадаркі - 106,1%, інвестыцыі ў асноўны капітал - 111,3%.