Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
08 лістапада 2017, 18:15

Навацыі праекта ўказа аб дзяржпадтрымцы малога і сярэдняга бізнесу

Міністэрства эканомікі Беларусі вынесла на грамадскае абмеркаванне праект указа "Аб дзяржаўнай фінансавай падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва". Гэты дакумент змяшчае як цяпер дзеючыя нормы, так і навацыі, якія, як лічаць аўтары, пасадзейнічаюць павышэнню эфектыўнасці аказання дзяржпадтрымкі МСП. Карэспандэнт БЕЛТА высветліў, што зменіцца для малога і сярэдняга бізнесу, калі праект указа будзе прыняты.

Віды і крыніцы дзяржаўнай падтрымкі

Дакументам дакладна размежаваны віды субсідый, якія прадастаўляюцца на конкурснай аснове, а таксама парадак і ўмовы правядзення такога конкурсу. Асобная глава выдзелена для субсідый, прадастаўляемых без правядзення конкурсу.

Для павелічэння долі МСП у агульным аб'ёме валавога ўнутранага прадукту праектам указа прапануецца распаўсюдзіць інструменты дзяржпадтрымкі на суб'екты сярэдняга прадпрымальніцтва - раней на іх мог прэтэндаваць толькі малы бізнес.

Крыніцамі дзяржпадтрымкі будуць сродкі мясцовых бюджэтаў аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама рэспубліканскага бюджэту праз Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў.

Праектам указа вызначана, што сродкі мясцовых бюджэтаў могуць прадастаўляцца ў выглядзе субсідый для пакрыцця часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, камісіі па фінансаванні акрэдытыву; лізінгавых плацяжоў у частцы аплаты ўзнагароджання (даходу) лізінгадаўца, працэнтаў па прыцягнутым для набыцця прадмета лізінгу крэдыце; расходаў, звязаных з вытворчасцю і (або) рэалізацыяй тавараў (работ, паслуг), прызначаных для экспарту; расходаў па падключэнні да інжынернай інфраструктуры; расходаў па ўдзеле ў выставачна-кірмашовых мерапрыемствах або іх арганізацыі; расходаў, звязаных з правядзеннем стартап-мерапрыемстваў; расходаў суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Пры гэтым прапануецца не выкарыстоўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на выдачу пазык і льготных крэдытаў. Гэта абумоўлена тым, што прадугледжаныя Дзяржаўнай праграмай "Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь" на 2016-2020 гады аб'ёмы сродкаў мясцовых бюджэтаў нязначныя і ў поўнай меры не асвойваюцца ў рамках дзеючых інструментаў. Акрамя таго, у рэспубліцы існуюць іншыя інстытуты па прадастаўленні фінансавай падтрымкі ў выглядзе пазык і крэдытаў суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва са значнымі аб'ёмамі фінансавання.

Фінансавыя сродкі рэспубліканскага бюджэту Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў могуць быць прадастаўлены на зваротнай выплатнай аснове, маёмасць - на ўмовах фінансавай арэнды (лізінгу).

Для атрымання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб'екты малога і сярэдняга прадрымальніцтва будуць прадастаўляць дакументы згодна з адпаведным дадаткам да праекта ўказа. Рашэнне аб аказанні такой падтрымкі будзе прымацца на працягу 15 рабочых дзён з даты прадстаўлення неабходных дакументаў, а пры правядзенні конкурсу - на працягу 15 рабочых дзён з дня заканчэння тэрміну прыёму заявак.

На працягу трох рабочых дзён з дня прыняцця рашэння аб аказанні падтрымкі суб'екту МСП будзе накіроўвацца паведамленне аб прынятым рашэнні, у выпадку адмовы ў такіх ж тэрмін - паведамленне з пазначэннем прычын.

Субсідыі на конкурснай аснове

Дакументам устаноўлена, што дзяржаўная фінансавая падтрымка на конкурснай аснове прадастаўляецца суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пры адначасовым выкананні наступных умоў: стварэнне рабочых месц; рэалізацыя інвестпраектаў, бізнес-праектаў (напрамкі - стварэнне, развіццё і пашырэнне вытворчасці тавараў, работ або паслуг; вытворчасць, рэалізацыя экспартна арыентаванай, імпартазамяшчальнай прадукцыі; вытворчасць прадукцыі, накіраванай на энерга- і рэсурсазберажэнне; укараненне новых тэхналогій); выкарыстанне атрыманых сродкаў для будаўніцтва, набыцця капітальных будынін (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў і (або) іх рамонту і рэканструкцыі, набыцця машын і абсталявання, транспартных сродкаў, спецыяльных устройстваў і прыстасаванняў, закупкі камплектуючых вырабаў, сыравіны і матэрыялаў для ўласнай вытворчасці і аказання паслуг.

Інфармацыю аб правядзенні конкурсу аблвыканкамы і Мінгарвыканкам абавязаны размясціць на афіцыйных сайтах не пазней за 30 дзён, а Беларускі фонд - не пазней за 15 дзён да заканчэння тэрміну падачы заявак на ўдзел.

Пакрыццё працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, расходаў на выплату лізінгавых плацяжоў, устаноўленых у беларускіх рублях, ажыццяўляецца ў памеры не большым за 0,5 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, дзеючай у перыяд, за які выплачаны адпаведныя працэнты і лізінгавыя плацяжы; у замежнай валюце, - у памеры не большым за 0,5 стаўкі па крэдыце, дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу).

Адным з новых відаў субсідый, прадастаўляемых на конкурснай аснове, сталі субсідыі для пакрыцця часткі расходаў, якія звязаны з вытворчасцю і (або) рэалізацыяй тавараў (работ, паслуг), прызначаных для экспарту. Такое рашэнне накіравана на пашырэнне магчымасці ўдзелу суб'ектаў МСП у знешнеэканамічнай дзейнасці, што ўмацуе іх пазіцыі на ўнутраным і знешнім рынках. "Плануецца, што субсідыі будуць выдавацца для пакрыцця часткі расходаў, звязаных з вытворчасцю і (або) рэалізацыяй тавараў (работ, паслуг), прызначаных для экспарту, у частцы аплаты ацэнкі адпаведнасці прадукцыі (работ, паслуг); прававой аховы за мяжой аб'ектаў права прамысловай уласнасці; распрацоўкі прызначаных для экспарту сродкаў індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, тавараў (работ, паслуг); страхавання гандлёвых аперацый ад экспартных рызык", - канстатавалі ў Мінэканомікі.

Калі праект указа будзе прыняты, субсідыі плануецца выдаваць і на пакрыццё расходаў, звязаных з падключэннем суб'ектаў МСП да інжынернай інфраструктуры. Такое рашэнне прадыктавана ў першую чаргу тым, што названая працэдура дарагая, што іншым разам з'яўляецца перашкодай на шляху развіцця бізнесу. На дзяржпадтрымку змогуць разлічваць прадпрымальнікі, якія займаюцца вытворчасцю прадукцыі (работ, паслуг), у выпадку перадачы ім у карыстанне невыкарыстоўваемай дзяржмаёмасці ў частцы аплаты расходаў на правядзенне дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы; будаўніцтва, у тым ліку праектаванне магістральных і размеркавальных сетак газа- і водазабеспячэння, каналізацыі, уключаючы кабельныя, цеплавыя і электрычныя сеткі.

Субсідыі на пазаконкурснай аснове

Без конкурсу плануецца прадастаўляць субсідыі для пакрыцця часткі расходаў па ўдзеле ў выставачна-кірмашовых мерапрыемствах або іх арганізацыі - у частцы аплаты рэгістрацыйнага збору, арэнды выставачных плошчаў і абсталявання, выдання друкаванай прадукцыі аб удзельніках выставачна-кірмашовых мерапрыемстваў, вытворчасці і размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы аб арганізуемых выставачна-кірмашовых мерапрыемствах.

Яшчэ адна важная навацыя праекта ўказа звязана з увядзеннем пазаконкурснага прадастаўлення субсідый на пакрыццё расходаў, звязаных з правядзеннем стартап-мерапрыемстваў. "Неабходнасць увядзення новага віду дзяржаўнай падтрымкі арганізатараў стартап-мерапрыемстваў без правядзення конкурсу абумоўлена тым, што стартап-мерапрыемствы садзейнічаюць уключэнню эканамічна актыўнага насельніцтва, і перш за ўсё моладзі, у прадпрымальніцкую дзейнасць. Навучанне навыкам прадпрымальніцтва з'яўляецца актуальнай і значнай задачай, вырашэнне якой дасць магчымасць стварыць умовы для колькаснага росту сектара малога прадпрымальніцтва ў Беларусі. Інавацыйнае прадпрымальніцтва з'яўляецца найбольш адкрытай для ўспрымання тэхнічных навацый і адаптыўнай да змянення кан'юнктуры рынку часткай прадпрымальніцкай супольнасці", - адзначылі ў Мінэканомікі.

Субсідыі для пакрыцця часткі расходаў суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі МСП плануецца прадастаўляць пры ўмове прыросту аб'ёмаў аказваемых паслуг. У прыватнасці, яны могуць быць выкарыстаны для аплаты будаўніцтва, набыцця капітальных будынін (будынкаў, збудаванняў) і аб'ектаў інжынернай інфраструктуры; распрацоўкі праектнай дакументацыі на будаўніцтва; арганізацыі доступу да сетак электрасувязі і (або) інтэрнэту; набыцця офіснай мэблі, камп'ютарнай і капіравальна-множыльнай тэхнікі; прадастаўлення базавага пакета паслуг на бязвыплатнай аснове суб'ектам малога прадпрымальніцтва, тэрмін дзейнасці якіх з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі не перасягае аднаго года.

Прадастаўленне фінансавых сродкаў на зваротнай аснове і маёмасці на ўмовах фінансавай арэнды (лізінгу).

Фінансавыя сродкі на зваротнай выплатнай аснове прадастаўляюцца на тэрмін да пяці гадоў, маёмасць на ўмовах дагавора фінансавай арэнды (лізінгу) - на тэрмін ад аднаго года да пяці гадоў.

Сума аднаразовай запазычанасці па дзяржаўнай фінансавай падтрымцы, што аказваецца аднаму суб'екту малога і сярэдняга прадпрымальніцтва шляхам прадастаўлення фінансавых сродкаў на зваротнай выплатнай аснове і (або) маёмасці на ўмовах фінансавай арэнды (лізінгу), не павінна перавышаць 15 тыс. базавых велічынь.

Працэнтная стаўка за карыстанне фінансавымі сродкамі на зваротнай выплатнай аснове, узнароджанне (даход) па дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу) устанаўліваюцца ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка. З лікам сацыяльнай, эканамічнай значнасці інвестыцыйнага праекта, бізнес-праекта памер працэнтнай стаўкі можа ўстанаўлівацца меншы, але не ніжэйшы за 0,5 стаўкі рэфінансавання.

Пры парушэнні атрымальнікам фінансавых сродкаў (лізінгаатрымальнікам) устаноўленых тэрмінаў іх вяртання (выплаты лізінгавых плацяжоў) будзе налічвацца пеня ў памеры двухкратнай велічыні названых у дагаворы працэнтаў (узнагароджання) з дня, што ідзе за днём надыходу абавязацельства па вяртанні гэтых сродкаў (выплаце лізінгавых плацяжоў).

Аб Беларускім фондзе фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў

Як паведамілі ў Мінэканомікі, для ўдасканалення работы Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў прадугледжваецца ўнесці змяненні ва ўказ ад 18 сакавіка 1998 года нумар 136.

"Улічваючы, што ў банкаўскай практыцы прымяненне гарантый у якасці забеспячэння выканання абавязацельстваў не атрымала шырокага прымянення, праектам указа прадугледжана магчымасць прадастаўлення фондам таксама паручыцельстваў, якія будуць выдавацца за кошт уласных сродкаў фонду, сродкаў міжнародных арганізацый і іншых крыніц у адпаведнасці з заканадаўствам, - растлумачылі ў міністэрстве. - Акрамя таго, Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады ў мэтах пашырэння доступу суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да пазыковых рэсурсаў прадугледжана стварэнне ў 2018 годзе гарантыйнага фонду на аснове міжнароднага вопыту ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі, міжнароднымі арганізацыямі і банкамі".

Новай рэдакцыяй указа нумар 136 рашэнням калегіі фонду прапануецца надаць абавязковы характар. "Такім чынам, прыняцце праекта ўказа павысіць эфектыўнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў, прадугледжаных праграмамі дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а таксама будзе садзейнічаць павелічэнню аб'ёмаў выпуску прадукцыі, развіццю экспарту і стварэнню рабочых месц", - лічаць у Мінэканомікі.

Юлія ДЫЛЯНОК,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі