Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
23 ліпеня 2018, 17:07

Мінск арганізаваў лепшы юніёрскі баскетбольны чэмпіянат планеты - прадстаўнікі ФІБА

Усяго два дні мінула з пачатку чэмпіянату свету па баскетболе сярод дзяўчат у Мінску, а яго госці ўжо на ўсю моц захапляюцца арганізацыяй турніру і прыёмам з боку беларусаў. Сваімі ўражаннямі ад убачанага з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліліся прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі баскетбола.

Тэхнічны прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі баскетбола Любамір Катлеба лічыць, што мінскі чэмпіянат свету арганізаваны на вельмі высокім узроўні. "Я працую на чэмпіянатах планеты розных узростаў з 1978 года, і мне ёсць з чым параўноўваць. Дык вось, Мінск дакладна арганізаваў лепшае сусветнае першынство сярод маладзёжных каманд, гэта проста казка! - падкрэсліў шматвопытны прадстаўнік ФІБА. - Арганізатары турніру ў беларускай сталіцы прадумалі ўсе нюансы, пачынаючы ад размяшчэння і харчавання каманд да работы тэхнічнага і судзейскага персаналу і валанцёраў". Любамір Катлеба таксама адзначыў, што яму вельмі спадабаўся Мінск - чысты і бяспечны. "Дзякуй, Мінск!" - дадаў ён.

Менеджар па правядзенні спаборніцтваў ФІБА Жыль Таналі таксама ўражаны арганізацыяй сусветнага першынства ў сталіцы Беларусі. Ён заўважыў, што калі такія турніры праводзяцца ў летні час, заўсёды ёсць апасенні наконт спаду глядацкай цікавасці. На шчасце, у Мінску і ў гэтым плане ўсё вельмі добра: на трыбунах шмат балельшчыкаў, асабліва моладзі. Гледачы цудоўна падтрымліваюць баскетбалістак, прычым не толькі сваіх, але і душэўна прымаюць астатнія каманды. Атмасфера ў залах проста цудоўная, заўважае Жыль Таналі.

На думку вядомай беларускай баскетбалісткі алімпійскай чэмпіёнкі, а цяпер камісара ФІБА Ірыны Сумнікавай, мінчане прыемна здзівілі ўсіх замежных гасцей. "Арганізацыя дзявочага чэмпіянату свету не выклікае ніякіх нараканняў, наадварот, усе ў захапленні і кажуць, што не чакалі такога высокага ўзроўню", - сказала наша суайчынніца.

Самі ўдзельніцы турніру сёння адпачываюць ад гульняў, рыхтуючыся да заключных матчаў групавога этапу, якія адбудуцца 24 ліпеня. Для каманд арганізатары падрыхтавалі разнастайную экскурсійную праграму, каб госці з розных кантынентаў змаглі пазнаёміцца з Мінскам. Дзяўчатам вельмі падабаецца горад і яго ветлівыя жыхары.

Чэмпіянат свету па баскетболе для дзяўчат да 17 гадоў праходзіць на дзвюх сталічных пляцоўках - у Палацы спорту і "Фалькон Клубе", прычым уваход на ўсе матчы свабодны. Чэмпіён і прызёры турніру стануць вядомы 29 ліпеня.

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі