Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
08 лютага 2016, 17:37
Уладзімір Мацвееў

Хто, калі не мы?

Уладзімір Мацвееў

Падставай для напісання гэтага матэрыялу стала шмат падзей як у Беларусі, так і за мяжой. Гэта назіраемыя ў свеце лакальныя канфлікты, міграцыйныя працэсы, абвал нафтавых цэн, эканамічныя праблемы ў шэрагу краін. У той ці іншай ступені гэтыя працэсы не абмінулі і Беларусь. Добра толькі, што з усяго гэтага пераліку беларусаў хвалюе значна больш прыземлены ўзровень праблем, рост цэн гэта або курсаў замежных валют. Але пытанне не ў тым, што ў параўнанні з асобнымі краінамі і рэгіёнамі мы жывём даволі нядрэнна, а ў тым, як жыць лепш.

Для ліберальных аналітыкаў і эканамістаў рознага калібру тут адкрываецца шырокае поле для дзейнасці. Прапановы і рэцэпты светлай будучыні, як правіла, уключаюць прыкладна такі набор тэрмінаў: эканамічная свабода, рынак, структурныя рэформы, разняволенне прыватнай ініцыятывы (нібыта яе дагэтуль нехта занявольваў). З іншага боку - больш кансерватыўная пазіцыя аб неабходнасці прытрымлівацца выбранага курсу, актуалізуючы і дапаўняючы яго ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.

І тое, і другое па-свойму зразумела. Пры гэтым ніхто не кажа, што змяненні не патрэбны. Гэта зразумелы і відавочны працэс. Напрыклад, яшчэ гадоў дзесяць таму складана было падумаць, што значную частку афіцыйнай інфармацыі, што ідзе ад міністэрстваў і ведамстваў, журналістам давядзецца браць з сацыяльных сетак. І гэта, верагодна, толькі пачатак. Так, гэта выключны выпадак, але дзясяткі і тысячы такіх выключнасцей у розных сферах уплываюць на эканоміку краіны, сацыяльную сферу, змяняюць іх структуру, спараджаюць заканадаўчыя трансфармацыі.

Словам, нават калі нашы сэрцы і не патрабуюць змен, то яны ўсё роўна, так ці інакш, адбываюцца. А вынік для кожнага залежыць ад жадання і гатоўнасці прыстасавацца да работы і жыцця ў новых умовах.

Цяпер пагаворым, уласна, аб жаданні і чаканнях грамадства. Ад каго большасць людзей чакае змен (павышэння зарплаты ў тым ліку)? У першую чаргу ад начальства на канкрэтным прадпрыемстве, мясцовых органаў улады і дзяржавы ў цэлым. Мы шмат разважаем аб тым, як павінна фінансавацца адукацыя, ахова здароўя, якая зарплата павінна быць у прамысловасці або сельскай гаспадарцы, колькі павінны атрымліваць выхавальнікі ў дзіцячых садах або трэнеры ў дзіцяча-юнацкім спорце. І мы чакаем, што дзяржава вырашыць нашы праблемы: выдзеліць грошы, знізіць цэны, забяспечыць усіх жыллём.

А тут яшчэ такі прыклад дзяржаўнага клопату за мяжой: размова аб Швейцарыі, дзе летам плануецца правесці рэферэндум па пытанні ўстанаўлення базавага даходу для ўсіх грамадзян (не важна, працуеш ты ці не!) на ўзроўні 2,5 тыс. швейцарскіх франкаў (або прыкладна 2,2 тыс. еўра). Плюс яшчэ 625 франкаў на дзіця. А ў нас, маўляў, з дармаедамі вырашылі змагацца...

Што ж, давайце парадуемся за швейцарцаў і пажадаем ім удачы. Хоць нялішнім будзе прыгадаць, што ўзровень цэн у Швейцарыі зусім іншы, чым у Беларусі, і па канкурэнтаздольнасці эканомікі гэта краіна знаходзіцца ў ліку сусветных лідараў. Ды і наўрад ці нават у выпадку адабрэння такой ініцыятывы швейцарцы пачнуць масава збіраць рэчы і пакідаць рабочыя месцы, бо цяпер іх штомесячная зарплата, як правіла, перасягае 5-6 тыс. франкаў. Таму дыскусія вядзецца хутчэй не аб манне нябеснай, а аб эканоміі на адміністраванні сацыяльных выплат. Паколькі ўвядзенне гарантаванага даходу ў тым ліку прадугледжвае замену ім шэрага розных субсідый і дапамог.

Але пакінем Швейцарыю. Хапае сваіх праблем, якія трэба вырашаць. І, па маім глыбокім перакананні, рабіць гэта павінны ў першую чаргу самі людзі, а не дзяржава. Пара ўсвядоміць адказнасць за агульную справу, бо дзяржава (наша краіна, у якой мы жывём) - гэта не што іншае, як вялікая сям'я, а кожны грамадзянін (ад прэзідэнта да простага рабочага) - яе састаўная частка.

Дзяржава або ўлада прызначаны толькі ствараць рамачныя ўмовы для функцыянавання грамадства, рэагаваць на тыя ці іншыя сацыяльныя змены. Але вынік, нацыянальны даход ствараюць самі людзі: настаўнікі, урачы, інжынеры, вучоныя, праграмісты, шахцёры, рабочыя, вадзіцелі, будаўнікі... усіх і не пералічыш.

Адразу хачу агаварыцца, што такая пазіцыя не азначае, што ўлада павінна зняць з сябе ўсе абавязацельствы. Наадварот, грамадства мае права патрабаваць ад яе адпрацоўкі і эфектыўнага расходавання кожнага бюджэтнага рубля. Але недапушчальна і такая пазіцыя грамадзяніна: "як плацяць, так і працую". Перш чым штосьці патрабаваць, трэба самому сабе адказаць на пытанне: "Ці здольны/здольна я працаваць лепш і эфектыўней (прашу не блытаць з паняццем "больш"), калі зарплату павялічаць?"

Многія ставяць у прыклад паспяховыя краіны Заходняй Еўропы. Жывуць жа людзі... Але яны і зарабляюць сваю зарплату, і нікога там, як правіла, не цікавяць асабістыя цяжкасці. І бюракратыі там не менш. Сам больш за год пражыў у Вялікабрытаніі, і на сваёй шкуры ведаю, пачым фунт ліха. Ад'язджаў, дарэчы, не дзеля лепшага жыцця. Проста ў юныя гады хацелася штосьці рэзка змяніць, атрымаць альтэрнатыўны вопыт.

Аб чым гэта я? Напэўна, аб тым, што якасць нашага жыцця шмат у чым вызначаецца самімі грамадзянамі, пачынаючы з самага малога. Гэта не дзяржава размалёўвае сцены ў пад'ездах, выкідвае міма урны і ў лясах смецце, паркуецца на пешаходных дарожках, газонах і дзіцячых пляцоўках (нават пры наяўнасці свабодных месц у радыусе 100 метраў, проста па прынцыпе "абы пад балконам стаяла"). Таксама не дзяржава разлічваецца валютай з шабашнікамі, рамантуе аўтамабіль у нелегальнага майстра "ў гаражах" і імкнецца праехаць "толькі адзін прыпынак" без талончыка. І гэта кветачкі. А яшчэ факты карупцыі, ухілення ад выплаты падаткаў, чыясьці злачынная нядбаласць або службовая халатнасць. І ўсё гэта робяць канкрэтныя людзі. А дзяржава ў выніку недаатрымлівае або траціць лішнія грошы.

Мы прывыклі лічыць злачынцамі тых, хто ўкраў, падмануў... Але ці не з'яўляецца злачынцам студэнт, які прагуляў заняткі і з дапамогай шпаргалкі здаў экзамен, або рабочы, які кіруецца прынцыпам "і так будзе добра"? Патэнцыяльная шкода ад іх непрафесійных дзеянняў у далейшым можа каштаваць дзясяткі і сотні чалавечых жыццяў. Хоць, дзеля справядлівасці, ёсць у Беларусі і шмат разумных, таленавітых, сумленна працуючых і законапаслухмяных людзей.

Расставім кропкі над "і". У дзяржавы ёсць столькі сродкаў, колькі ёсць у грамадзян, якія ў ёй жывуць. Дзяржава, як і любая сям'я, плануе бюджэт, выдзяляючы існуючыя сродкі на самае неабходнае. Любыя рэформы, а таксама ўдзел у інтэграцыйных аб'яднаннях ствараюць толькі рамачныя магчымасці, але гандляваць і працаваць трэба самім. Так, саюзнікі і міжнародныя структуры могуць дапамагчы фінансава, выдаць крэдыт, але, каб яго вярнуць, трэба прадаваць канкурэнтаздольныя тавары і паслугі, забяспечваючы прыток валюты.

Дык хто, калі не мы, кожны ў сваёй справе, зможам разам рэалізаваць "беларускую мару", стварыць сабе новую якасць жыцця? Адказ просты: ніхто, акрамя нас.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі