Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
10 сакавіка 2015, 11:39

Ганна Лявіцкая: У Беларусі плануецца ўнесці папраўкі ў заканадаўства аб знешняй працоўнай міграцыі

У Беларусі апошнім часам значна ўзрасла колькасць працоўных мігрантаў. Калі ў 2012 годзе афіцыйна ў краіну прыбыло каля 12 тыс. замежных грамадзян, то ў 2014-м - амаль 38 тыс. Колькасць беларусаў, якія легальна выехалі для працаўладкавання за мяжой, пры гэтым змяншаецца: у 2012 годзе - 6,5 тыс., у мінулым годзе - 5,2 тыс. Пры гэтым цікавасць беларускіх грамадзян да заработкаў за мяжой па-ранейшаму застаецца стабільна высокай. З улікам гэтых абставін наспела неабходнасць унесці адпаведныя змяненні ў дзеючае заканадаўства. Аб тым, якія папраўкі могуць быць унесены ў закон аб знешняй працоўнай міграцыі, карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах Ганна Лявіцкая.


"Здольнасць краіны прымаць новых людзей сведчыць пра сілу грамадства. І не трэба баяцца, што гэты працэс нейкім чынам можа змяніць яе гамагенную стабільнасць, паколькі іншаземцы так ці інакш уносяць сваю лепту ў развіццё эканомікі, культуры, навукі дзяржавы, якая прымае іх, а значыць умацоўваюць і само грамадства", - выказала меркаванне дэпутат. Але пры гэтым не трэба забываць пра абарону правоў і інтарэсаў такіх грамадзян, а таксама беларусаў, якія выязджаюць за межы дзяржавы для працаўладкавання. У сувязі з гэтым актуалізацыя заканадаўства ў сферы знешняй працоўнай міграцыі такая важная і неабходная, лічыць Ганна Лявіцкая.


Законапраект, якім прадугледжваецца ўнесці папраўкі ў закон "Аб знешняй працоўнай міграцыі", унесены ў Палату прадстаўнікоў у канцы 2014 года. Гэтым дакументам прапануецца змяніць паняцце "наймальнік Рэспублікі Беларусь". Калі гаварыць дакладней, яго прапануецца звузіць. У гэта паняцце ўвойдуць замежныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, у якіх будуць адкрыты ў Беларусі прадстаўніцтвы для працоўнага найму замежных грамадзян, якія не маюць дазволу на пастаяннае пражыванне ў краіне. "Калі раней інвестары маглі фарміраваць свой працоўны калектыў за межамі Беларусі, то пасля змяненняў заканадаўства гэтыя замежныя арганізацыі вымушаны будуць адкрываць у нас свае прадстаўніцтвы і толькі потым наймаць іншаземцаў у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам", - растлумачыла парламентарый.


Пасля таго як прадстаўніцтва будзе адкрыта, інвестарам трэба праз дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі атрымаць дазвол на прыцягненне замежнай працоўнай сілы для працаўладкавання на сваім прадпрыемстве і спецыяльныя дазволы на кожнага работніка, якога наймаюць. Акрамя таго, арганізацыі будуць абавязаны заключаць з кожным іншаземцам працоўны дагавор і выконваць усе працоўныя абавязацельствы гэтак жа, як і ў адносінах да беларусаў. "Такім чынам, пэўныя правы і інтарэсы замежных грамадзян, якія прыедуць у Беларусь для працаўладкавання, будуць максімальна абаронены. Дарэчы, і па цяперашнім заканадаўстве яны больш абаронены, чым у астатніх краінах былога Савецкага Саюза. У нас, напрыклад, больш выгадныя і прымальныя ўмовы ў плане сацыяльнага пакета", - адзначыла намеснік старшыні пастаяннай камісіі.


Акрамя гэтага, плануецца значна ўзмацніць кантроль: плануецца абавязаць ліцэнзіятаў, якія знаходзяцца ў Беларусі і займаюцца прыцягненнем замежнай працоўнай сілы, і беларускія арганізацыі, якія маюць ліцэнзіі на заключэнне дагаворных адносін з іншымі дзяржавамі на працаўладкаванне беларусаў, даваць справаздачу аб сваёй дзейнасці перад дэпартаментам па грамадзянстве і міграцыі і яго падраздзяленнямі. У прыватнасці, ім давядзецца дакладваць аб колькасці заключаных здзелак і аб спыненні тэрмінаў тых або іншых дагаворных абавязацельстваў. "Раней ліцэнзіят мог спакойна згарнуць свой бізнес і распусціць супрацоўнікаў, у тым ліку замежных, якія, па сутнасці, выпадалі з поля зроку дзяржорганаў. Цяпер законапраектам прадугледжана, што ў выпадку спынення дзейнасці арганізацыя павінна праінфармаваць аб гэтым дэпартамент па грамадзянстве і працоўнай міграцыі МУС і ў абавязковым парадку вярнуць спецыяльныя дазволы на кожнага іншаземца, які лічыўся ў іх у штаце. І зрабіць яны гэта абавязаны на працягу пяці дзён з дня спынення дзейнасці", - расказала Ганна Лявіцкая.


Са сферы дзеяння законапраекта выключаюцца замежныя спецыялісты, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў Беларусі, нават калі прайшоў год (але не больш) з моманту атрымання імі дыплома. Калі замежны студэнт адвучыўся ў ВНУ і вырашыў застацца працаваць у Беларусі, то работадаўцу не трэба будзе атрымліваць на яго спецыяльны дазвол для прыцягнення да працоўнай дзейнасці. "Лічыцца, што за час навучання замежныя студэнты максімальна інтэграваліся ў грамадства, уніклі ў нюансы нашага сацыяльнага быту, таму ім прасцей адаптавацца і ў плане работы, - раслумачыла парламентарый. - Акрамя таго, такім чынам у краіне палепшыцца міграцыйны клімат у плане прыцягнення спецыялістаў у тыя галіны, дзе дзяржава адчувае пэўны дэфіцыт у кадрах (адукацыя, ахова здароўя)".


Што датычыцца арганізацый, якія займаюцца садзейнічаннем працаўладкаванню беларусаў за межамі краіны, то яны будуць абавязаны інфармаваць дэпартамент па грамадзянстве і працоўнай міграцыі МУС аб кожнай заключанай здзелцы з замежнымі наймальнікамі. "Мы не маглі ў законапраекце абмінуць гэту сферу, паколькі неабходна пастаянна прымаць меры па змяншэнні бескантрольнага і нелегальнага адтоку нашай рабочай сілы з краіны. І трэба, каб Міністэрства ўнутраных спраў нашай краіны было максімальна інфармавана аб працоўных перамяшчэннях беларусаў за мяжой", - падкрэсліла Ганна Лявіцкая.


Таксама законапраектам уводзіцца паняцце "высокакваліфікаваны спецыяліст". Згодна з крытэрыямі, прапанаванымі Міністэрствам эканомікі і адлюстраванымі ў праекце дакумента, такі спецыяліст павінен мець вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, стаж работы не меншы за пяць гадоў, а яго заработная плата павінна складаць не менш як 15 мінімальных заработных плат па краіне. Але тут   вельмі шмат пытанняў, і, магчыма, яны яшчэ будуць дапрацоўвацца, адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі.


У астатнім заканадаўства ў сферы знешняй працоўнай міграцыі прапануецца пакінуць ранейшым. Папраўкі плануецца разгледзець у першым чытанні на вясенняй сесіі.


Кацярына МАРКОВІЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі