Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
04 верасня 2015, 16:36

Алена Стасюкевіч, Таццяна Вішнеўская: Дарога да сэрца: на што здольна беларуская літаратура

Дзень беларускага пісьменства заняў пачэснае месца ў календары нацыянальных свят дзяржавы. Ён прысвечаны спадчыне, якую трэба ведаць і якой трэба ганарыцца: у беларускага пісьменства векавыя традыцыі, яго фігуры пакінулі важны след у гісторыі не адной краіны. З часоў Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага кніга заўсёды была для беларусаў жыватворнай крыніцай, надзейным фундаментам нацыянальнага развіцця. Асноўная ідэя свята сёння - паказаць непарыўную сувязь гісторыі беларускага кнігадрукавання, заснаванай на славянскіх вытоках і традыцыях, з сучаснасцю. Дзень пісьменства - гэта таксама сведчанне нястомнага клопату дзяржавы аб духоўна-маральным развіцці грамадства.


У гасцях у Цёткі


Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя XXII Дню беларускага пісьменства, традыцыйна праходзяць у першую нядзелю верасня. Шчучын упершыню стане літаратурнай сталіцай краіны. Яшчэ пяць стагоддзяў таму гэты горад быў невялікай вёсачкай, жыхары якой займаліся земляробствам і паляваннем. Але выгаднае геаграфічнае становішча, багатыя пейзажы прыцягнулі да яе ўвагу магнатаў Радзівілаў. Тут пабудавалі дамы купцы, рамеснікі, былі ўзведзены храмы. Каталіцкі ордэн піяраў заснаваў калегію, пасля адкрылася семінарыя і вышэйшая школа. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Шчучын уваходзіў у склад Расійскай імперыі. З 1921 года быў у складзе Польшчы, з 1939-га - у БССР. З 1940 года гарадскі пасёлак стаў цэнтрам раёна. Статус горада ён атрымаў у 1962 годзе. За гэты час Шчучынская зямля стала радзімай вядомых на ўвесь свет паэтэсы Алаізы Пашкевіч (легендарнай Цёткі), музыканта з сусветным імем Чэслава Немена. З гэтай зямлёй звязаны імёны вядомых дзеячаў і асветнікаў - героя Чылі і былога рэктара ўніверсітэта ў Сант'яга Ігната Дамейкі, генерала Парыжскай камуны Валерыя Урублеўскага, вучонага, прафесара Віленскага ўніверсітэта Станіслава Баніфацыя Юндзіла, польскага паэта Ануфрыя Петрашкевіча, мастака-графіка Казіміра Альхімовіча і іншых.


Тое, што кампактны, утульны Шчучын са сваёй старадаўняй архітэктурай ідэальна падыходзіць у якасці сталіцы для літаратурнага свята, адзначыла яшчэ на першым пасяджэнні аргкамітэта намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што ў Беларусі ёсць выдатная практыка да свята абнаўляць гарады. "Любое свята такога маштабу становіцца добрай нагодай, каб укласці сілы і сродкі і зрабіць гораду падарунак, пакінуць нешта людзям", - сказала намеснік прэм'ер-міністра. На падрыхтоўку літаратурнай сталіцы 2015 года накіравалі амаль Br80 млрд. Да агульнай справы далучыліся мясцовыя прадпрыемствы, спонсары, актывісты, унеслі сваю лепту міністэрствы, арганізацыі гандлю. "Добрую справу па падрыхтоўцы горада да свята падтрымалі і арганізацыі, і прыватны бізнес, і нават мясцовыя жыхары, якія ў час арганізаваных суботнікаў таксама ўнеслі свой уклад у добраўпарадкаванне райцэнтра", - расказаў старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік.


Выдзеленыя сродкі былі сканцэнтраваны на найважнейшых аб'ектах горада. У выніку жыхары атрымалі ў падарунак сапраўдную архітэктурную жамчужыну - удалося завяршыць шматгадовую рэканструкцыю былой рэзідэнцыі князёў Друцкіх-Любецкіх на беразе возера ў цэнтральнай частцы горада. Палац, паводле слоў прыезджых, не толькі ўпрыгожвае горад, але і падкрэслівае яго слаўнае мінулае. Любавацца ім змогуць дзеці і моладзь у час наведвання гурткоў і секцый - у палацы вырашана размясціць так неабходны гораду Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Але і дарослым ён таксама будзе цікавы: тут размесцяцца выставачныя залы і краязнаўчы музей.


Да свята ў горадзе адкрыўся кніжны магазін-кавярня і кіёск саюздруку. Завершана рэканструкцыя ўтульнага будынка бібліятэкі імя Цёткі. Стары кінатэатр "Беларусь" паступова ператвараецца ў маладзёжны цэнтр з сучасным кінатэатрам, дыскатэкай, фітнес-студыяй, кафэ. Абноўленым застанецца пасля свята і стадыён "Алімп", гімназія, СШ нумар 1 і нумар 2, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, Шчучынская цэнтральная раённая бальніца. Накіраваны сродкі і на капрамонт фасадаў, добраўпарадкаванне жылых дамоў у цэнтральнай частцы горада. На ўездзе ў горад устанавілі знак-помнік легендарнаму самалёту МіГ-25, які нагадвае аб слаўным авіяцыйным мінулым Шчучына: горад амаль шэсць дзясяткаў гадоў быў дзеючай базай ВПС.


Кніга - захавальнік памяці


У аснове канцэпцыі Дня беларускага пісьменства - дэманстрацыя адзінства друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху беларускага пісьменства і друку. Паколькі менавіта слова, кніга лепш за ўсё адлюстроўваюць і захоўваюць гісторыю народа. Па задуме арганізатараў у гэтым годзе вялікая ўвага будзе таксама ўдзелена тэмам пераемнасці пакаленняў, Вялікай Айчыннай вайны, паколькі слова ўнесла свой уклад у Перамогу. Госці свята ўбачаць унікальную выстаўку перыёдыкі часоў Вялікай Айчыннай вайны - у ёй прадставяць арыгіналы падпольных і партызанскіх газет. У ходзе праекта "70-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца..." у Шчучыне прадставяць экспазіцыю плакатаў часоў вайны і патрыятычных плакатаў - пераможцаў конкурсу сярод моладзі СНД.


Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прывёз у Шчучын перасовачную выстаўку "Клічу вас я на пабеду", прысвечаную 70-годдзю Перамогі і творчасці Янкі Купалы ў ваенныя гады, а Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа - перасовачную выстаўку "Якуб Колас. Дарогамі вайны", якая таксама прысвечана юбілею Перамогі і творчасці класіка. Тэме 70-годдзя Перамогі прысвечана і кніжная выстаўка "Памяць аб вайне нам кніга пакідае" - у ёй прадстаўлены ўнікальныя выданні перыяду Вялікай Айчыннай вайны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у тым ліку партызанскія рукапісы, акупацыйныя выданні, кнігі, выпушчаныя беларускімі выдавецтвамі ў эвакуацыі.


Уся ўвага - пісьменнікам


Галоўнымі героямі свята стануць, безумоўна, кнігі і іх стваральнікі - аўтары. Паводле слоў Наталлі Качанавай, "пісьменнікі - асноўныя дзеючыя асобы Дня беларускага пісьменства, а літаратура - аснова ўсіх мастацтваў". "У гэтым канцэптуальная аснова нацыянальнага свята", - падкрэсліла віцэ-прэм'ер.


"Згодна з ідэяй свята, слова "пісьменнік" павінна гучаць з усіх пляцовак, гэта важна для выхавання нашай моладзі", - лічыць міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Таму ў горадзе разгорнуцца шматлікія тэматычныя пляцоўкі для дзяцей, моладзі, дарослых, дзе пісьменнікі сустрэнуцца са сваімі паклоннікамі, правядуць аўтограф-сесіі. 5 верасня пройдзе навуковая канферэнцыя "Шчучынскія чытанні". У гэты ж дзень у раённым цэнтры адбудзецца міжнародны круглы стол "Сугучча", у якім прымуць удзел аўтары з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Чарнагорыі, Казахстана, Таджыкістана, Латвіі, Азербайджана. У час свята падвядуць таксама вынікі конкурсу юных чытальнікаў.


У Дзень пісьменства будзе ўручана некалькі літаратурных прэмій. Упершыню назавуць лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі, заснавальнікамі якой з'яўляюцца міністэрствы інфармацыі, культуры і адукацыі. Цырымоніі і самой прэміі надаюць асаблівую значнасць. "Нацыянальная прэмія павінна выступіць у якасці кансалідуючай літаратурную супольнасць, трэба паказаць значнасць і аўтарытэт паэтаў і пісьменнікаў у нашай краіне. Абвяшчэнне такой прэміі - сведчанне якаснага скачка ў развіцці айчыннай літаратуры", - заявіла міністр інфармацыі.


Гэты момант закрануў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. "Традыцыя правядзення Дня беларускага пісьменства ў маленькіх гарадах стала святам вяршэнства літаратуры, таму вельмі важна выкарыстоўваць гэту пляцоўку як месца, дзе паэты і пісьменнікі павінны атрымаць максімальную ўвагу. Важна і неабходна расказваць людзям аб новых творах, аб новых імёнах. Пара даць грамадству новую літаратуру, новыя песні", - сказаў ён.


Лілія Ананіч таксама падкрэсліла значнасць прапаганды кнігі ў малых гарадах Беларусі. "Кніга, адукацыя, веды - найважнейшы кампанент беларускай культуры. Адкрыццё кніжных магазінаў, бібліятэк у малых гарадах - сведчанне клопату дзяржавы, перш за ўсё, аб дзецях і моладзі, паколькі менавіта ад іх асобаснага развіцця, духоўнага станаўлення залежыць будучыня беларускага грамадства і дзяржавы", - сказала яна, удзельнічаючы ў адкрыцці ў Шчучыне першай кнігарні. Міністр інфармацыі паведаміла журналістам, што ў год у нашай краіне выдаецца амаль 11 тыс. найменняў кніг, усяго больш за 30 млн экзэмпляраў.


Свята ў Шчучыне стане зыходным пунктам для падрыхтоўкі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання - юбілейная дата будзе святкавацца ў 2017 годзе. Беларускія выдавецтвы пачалі падрыхтоўку ўжо і да гэтага грандыёзнага юбілею. Менавіта ў Дзень беларускага пісьменства будзе прадэманстраваны шэраг выдавецкіх праектаў - лепшыя кнігі, якімі Беларусь праславілася ў свеце. Напрыклад, на міжнародным конкурсе мастацтва кнігі краін СНД Беларусь чацвёрты раз атрымала Гран-пры - за кнігу "Беларусь замкавая". "Такіх праектаў у нас шмат, яны падтрымліваюцца на самым высокім дзяржаўным узроўні", - падкрэсліла Лілія Ананіч. Спецыяльна да свята будзе выпушчаны фотаальбом аб Шчучыне і зборнік "Беларусь літаратурная". Таксама ў Шчучыне ўпершыню прэзентуюць мемуары знакамітага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага і кнігі яго нашчадкаў на рускай мове. Усяго Міністэрства інфармацыі падорыць Шчучыну амаль 3 тыс. кніг, кніжныя падарункі бібліятэкам зробіць і Саюз пісьменнікаў Беларусі.


"Не пакідайце ж мовы нашай…"


Дзень беларускага пісьменства прыцягне ў Шчучын вялікую колькасць гасцей як з Беларусі, так і з-за мяжы - паводле папярэдніх ацэнак, да 10 тыс. чалавек. Нядзіўна, паколькі гэта свята вызначаецца самабытнасцю, яно звязана з асновамі асноў нацыянальнай культуры, якой беларусы могуць ганарыцца, - з літаратурай і кнігай, без чаго не ўяўляе сваё жыцці ні адзін чалавек. "Дзень беларускага пісьменства - з тых свят, якія аб'ядноўваюць нацыю, узнімаюць дух народа", - лічыць Лідзія Мальцава, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага, калектыў якой з'яўляецца лаўрэатам нацыянальнай прэміі "За духоўнае адраджэнне".


Сёння, ва ўмовах сусветнай інфарматызацыі, цікавасць да кнігі не змяншаецца, лічыць Лідзія Мальцава. Змяняюцца жаданні чытачоў, прыярытэты, яны больш выкарыстоўваюць тэхнічныя магчымасці інтэрнэту, камп'ютарнай і капіравальнай тэхнікі пры рабоце з кнігамі. Але сама кніга не адыходзіць і не можа адысці, паколькі чытанне - базавая патрэбнасць кожнага чалавека. Не згасае цікавасць да кнігі і сярод дзяцей, штодзённа дзіцячы філіял бібліятэкі абслугоўвае да 200 юных чытачоў. Ёсць цікавасць да чытання ў калектываў прадпрыемстваў, банкаў, актыўна выкарыстоўваецца паслуга мабільнай бібліятэкі для іх абслугоўвання. "Я ўпэўнена, што калі ў 6 гадоў дзіця не прывесці ў бібліятэку, у 18 гадоў яно само ў яе не прыйдзе. Між тым толькі дзіця, якое чытае, вырастае думаючым і дасведчаным чалавекам, неардынарным субяседнікам, цікавым спецыялістам. Не абавязкова чытаць модную літаратуру або класіку, але важна чытаць тое, да чаго ляжыць душа, чаго патрабуе розум, каб была сфарміравана сама патрэбнасць у чытанні", - упэўнена Лідзія Мальцава.


Яна таксама адзначыла прыкметнае ажыўленне ў чытачоў цікавасці да твораў беларускіх аўтараў, беларускай класікі, сучасных беларускіх выданняў, сярод якіх вельмі шмат якасных энцыклапедычных, фундаментальных кніг. Людзі любяць чытаць кнігі Быкава, Мележа, Караткевіча, Шамякіна, Чаргінца, ім падабаецца звяртацца да беларускага мінулага. Але ведаюць чытачы і сучасных айчынных аўтараў. Бібліятэкі ж, са свайго боку, зацікаўлены ў прапагандаванні менавіта беларускай літаратуры. Гаворачы аб святкаванні Дня беларускага пісьменства, дырэктар адзначыла, што важны не толькі самі святочныя дні, хоць іх атмасфера ўнікальная, але і тая грунтоўная падрыхтоўка да ўрачыстасцей, якая праводзіцца напярэдадні. Да яе ж далучаюцца прадстаўнікі самых розных прафесій і сфер жыцця грамадства. Розныя ўстановы, арганізацыі працуюць дзеля агульнай мэты, і гэта дае адчуванне значнасці кожнага чалавека для сваёй краіны. "Кожны, хто ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні свята, хто прыязджае на яго госцем, безумоўна, адчувае гонар за сваю краіну. Вядома, гэта падштурхне кожнага да таго, каб звярнуцца да кнігі, чытання, гісторыі сваёй краіны. Дзень пісьменства - гэта заўсёды яркая падзея і эмацыянальны выбух, феерверк талентаў, у сталіцы ўрачыстасці збіраюцца пісьменнікі, паэты, мастакі, рамеснікі, артысты, самыя лепшыя з лепшых. Гэта свята абуджае цікавасць людзей да гісторыі, кнігі, да ўсяго прыгожага", - падкрэсліла дырэктар бібліятэкі.


Губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў лічыць гонарам прымаць Дзень беларускага пісьменства на гродзенскай зямлі. "Гродзеншчына па праву гэтага заслугоўвае. Гэта край магутных культурных традыцый. Гістарычныя эпохі пакінулі гродзенцам багатую духоўную спадчыну, у тым ліку ў справе кнігадрукавання. Рукапісныя кнігі - Лаўрышаўскае і Жухавіцкае евангеллі - былі створаны на гэтай зямлі яшчэ ў XIV стагоддзі. З Гродзеншчынай цесна звязана імя канцлера Льва Сапегі, з лёгкай рукі якога беларуская мова стала дзяржаўнай на ўсёй тэрыторыі ВКЛ. На Гродзеншчыне расцвіў талент Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, Лейбы Найдуса і многіх іншых пісьменнікаў, якія на розных мовах стваралі летапіс гэтай зямлі", - адзначыў ён. З гродзенскай зямлі гучаў голас Францішка Багушэвіча, які заклікаў "не цурацца роднай мовы", любіць і берагчы яе. Менавіта на шчучынскай зямлі запаліла "лучынку" беларускасці Алаіза Пашкевіч. Шмат карыснага зрабіў для народнай асветы гродзенскі карыфей беларусазнаўства акадэмік Яўхім Карскі. Багата гродзенская зямля талентамі і сёння. Друкарні вобласці ў год выдаюць сотні мастацкіх і навуковых кніг, тут выходзіць у свет больш як 50 газет і часопісаў, плённа працуюць пісьменніцкія саюзы, паведаміў губернатар. "Дзень беларускага пісьменства з'яўляецца сімвалам непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі. Святкуючы яго, мы з гордасцю ўспамінаем наша мінулае", - падкрэсліў Уладзімір Краўцоў.


"На жаль, сёння нельга сказаць, што шырокія колы беларусаў ведаюць і чытаюць родную літаратуру. Але цікаўнасць да яе ўсё ж такі ёсць і менавіта сярод маладых, - гаворыць дэкан філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я. Купалы, выкладчык беларускай мовы Іна Лісоўская. - Напрыклад, на беларускую філалогію да нас паступаюць вельмі цікавыя асобы, факультэт выконвае план набору на бюджэт і прымае студэнтаў нават на платнае аддзяленне. Пры гэтым асобныя студэнты дэманструюць вельмі высокі культурны ўзровень. Дарэчы, у Шчучыне на Дні пісьменства адбудуцца прэзентацыі трох кніг паэтычных твораў нашых студэнтак і выпускніцы Вікторыі Смолка, Аліны Паўлоўскай і Наталлі Цвірко. А ўвогуле вельмі добра, што святкаванне Дня беларускага пісьменства праходзіць у гэтым годзе ў невялікім Шчучыне, горадзе, дзе, можа, не настолькі насычанае культурнае жыццё, не так багата праходзіць літаратурных і культурных імпрэз, сустрэч, вечарын, як, напрыклад, у Гродне. Такім чынам жыхары гэтага горада, як у мінулыя гады жыхары іншых беларускіх гарадоў, могуць адчуць гэта свята як асабістае. На працягу двух дзён у райцэнтры з вуснаў паспяховых маладых і прыгожых людзей будуць гучаць беларуская мова, беларускія песні, яны ўбачаць традыцыйныя беларускія танцы, рамёствы. Дзень пiсьменства стане своеасаблівым мастком паміж дзеячамі культуры і людзьмі працы, дазволіць пабудаваць камунікатыўны і культурны дыялог і, можа, стане кропкай, з якой пачнецца ў кагосьці цікаўнасць да роднага слова, культуры, кнігі".

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі